Суботнім вечарам ва ўрачыстасць святога Юзафа, 19 сакавіка, копіі цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў прывіталі ў іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэтыя копіі абразоў здзяйсняюць перэгрынацыю па розных парафіяльных супольнасцях.
“Копіі гэтых цудоўных абразоў нагадваюць нам пра непарыўную сувязь, якая існуе паміж Найсвяцейшай Паннай Марыяй, Хрыстом і Яго Касцёлам”, – з такімі словамі звярнуўся да прысутных пробашч парафіі кс. Павел Калеснік. Разам з парафіянамі сустрэць Божую Маці каля касцёла сабраліся і вернікі з суседніх парафій. У промнях заходзячага сонца абразы ва ўрачыстай працэсіі пад спеў у гонар Марыі былі ўнесены ў святыню.
Святую Імшу цэлебраваў разам з пробашчам ксяндзом Паўлам Калеснікам і ксяндзом Андрэем Ганчаром айцец Станіслаў Станеўскі CSsR з мінскай парафіі св. Сымона і св. Алены. Святар звярнуў увагу на абранніка Марыі, які заклікае ўсіх нас вучыцца давяраць Пану Богу, быць адкрытымі на Божы Провід, трывалымі ў веры і не губляць надзеі. Па словах а. Станеўскага, Юзаф, Божы чалавек, якому Пан даверыў апеку над сваім Сынам Езусам Хрыстом, быў асобай глыбокай і сапраўднай веры. “Для нас сёння ён з’яўляецца прыкладам паслухмянасці Богу, прыкладам веры і даверу Яму, адказнасці для нашых сем’яў”, – дадаў а. Станіслаў. Таксама, па словах святара, Марыя прыходзіць да нас, каб даць неабходныя ласкі і выслухаць кожнага, хто Ёй давяраецца.
На заканчэнне адбыўся Марыйны апэль, праз які ўсе прысутныя і парафія былі даручаны апецы Маці Божай.
На працягу двух тыдняў штодзённа на Імшы ў 9.00 і 18.00 у іўеўскай парафіі можна будзе бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй кожнага цудадзейнага абраза з санктуарыяў нашай краіны. “Не заўсёды можам наведаць святыя месцы, дзе знаходзяцца цудадзейныя абразы, але цяпер Нябесная Матуля прыйшла ў нашу парафіяльную супольнасць, і мы маем такую магчымасць разам перад Яе абразамі аддаць Ёй пашану і хвалу і праз Яе заступніцтва данесці свае просьбы і падзякі да Пана Бога”, – адзначыў кс. Павел. Такім чынам пробашч заахвоціў асабліва ў час Вялікага посту засяродзіць увагу на ролі ў збаўленні свету Найсвяцейшай Панны Марыі як Маці Хрыста, той, у якой знаходзім шлях да дасканалага з’яднання з Езусам.
Для ўшанавання вернікамі копіі абразоў будуць знаходзіцца ў парафіі да 2 красавіка. У гэты дзень а 10-й гадзіне пройдзе развітальная Імша, пасля якой копіі абразоў накіруюцца ў парафію святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве, дзе Імша адбудзецца ў 19.00.
Віктар Ведзень