Складана пісаць і пра штосьці разважаць, калі ў нашых паўднёвых суседзяў “цякуць рэкі крыві і слёз”. Мы сабралі вялікі тэкст “Аб супакоі” з выказваннямі папы Францішка і беларускіх біскупаў. Іерахі ясна і недвухсэнсоўна выказваюцца пра гэту вайну, а таксама суперажываюць украінскаму народу. Ксёндз рэдактар адкрывае нумар таксама заахвотай маліцца за Украіну якая так патрабуе міру. “Няхай нашыя малітвы будуць крыкам”, - заахвочвае ён.
5 ПАРАДАЎ ПЕРААДОЛЕННЯ СТРЭСУ. Псіхолаг кс. Павел Салабуда прапануе некалькі правілаў барацьбы з гэтай натуральнай рэакцыяй арганізма чалавека на жыццёвыя сітуацыі. Разам з гэтым святар нагадвае, што рэлігійныя перакананні станоўча ўплываюць на псіхічнае здароўе.
ПРА СЭКСУАЛЬНАЕ ВЫХАВАННЕ размаўляем з Аленай Шымак, настаўніцай метаду распазнавання плоднасці англійскай мадыфікацыі. Гутарка пра хрысціянскі падыход у палавым выхаванні, стэрэатыпы католікаў і ідэі паляпшэння перадшлюбных курсаў.
ЭКАЛОГІЯ СУЖЭНСТВА. Стартуем з новай рубрыкай ад псіхолага і сямейнага кансультанта Веранікі Рогач. У першым тэксце парады захавання сужэнскіх адносінаў на ўзроўні ”мядовага месяца” на доўгія гады і ролю ў гэтым спантаннасці.
Пра малітву праслаўлення піша Алена Харольская з Гродна. “Калі хлопец закахаўся ў дзяўчыну, то ён захапляецца ёй і абсыпае тасячамі кампліментаў”, - піша яна. Сведчанне пра асабісты пошук сваёй малітвы, тэмаў размовы з Богам і высілкі з гэтым звязаныя.
ЯК ПАКАЯЦЦА? Разважае Яна Чайко. Як перамагчы спакусу падыходаў “жывём адзін раз” і “што зроблена, тое зроблена”.
Кс. Тадэвуш Крыштопік працягвае пералік грахоў якія наклікаюць Божую Помсту. Гэтым разам пра сацыяльную несправядлівасць, заробкі і правы рабочых.
Газету «Слова Жыцця» можна набыць 20.03 ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі і ў Мінску:
• Парафія святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ (Кунцаўшчына)
• Парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава)
• Парафія Божага Цела (Ангарская).