10 сакавіка ў лідскай парафіі Святой Сям’і адбыўся дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Днём раней падобная сустрэча прайшла ў Гродне.
У сустрэчы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, удзельнічала каля 40 святароў – дыяцэзіяльных і з манаскіх супольнасцяў.
Падчас сустрэчы духавенства асабліва малілася за братэрскі ўкраінскі народ, які пакутуе ад вайны. Удзельнікі дня засяроджання прасілі Бога аб міры для суседняй краіны і міры ва ўсім свеце.
Прысутныя ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху, на кожнай стацыі разважаючы над сваім жыццём.
Таксама яны выслухалі канферэнцыю, падрыхтаваную а. доктарам Андрэем Шчупалам CSsR, на тэму таго, што можа пагражаць святасці святароў і што трэба зрабіць, каб умацаваць сваё пакліканне.
Сустрэча завяршылася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў пастыр дыяцэзіі. Біскуп Кашкевіч заахвоціў духавенства маліцца ў інтэнцыі міру, які сёння патрэбны ўсёй Еўропе, а асабліва Украіне.
У гаміліі кс. Руслан Мазан, пробашч лідскай парафіі, якая прымала ў гэты дзень удзельнікаў сустрэчы, нагадаў пра мясцовых святароў-мучанікаў. У гэты дзень прыпадала 79-я гадавiна смерцi дзевяці святароў Лідчыны, якія загінулі ад рук нацыстаў у часы Другой сусветнай вайны.
Пробашч узгадаў імёны гэтых святароў: ксяндзы Вінцэнт Лабан і Люцыян Мрачкоўскі, душпастыры лідскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі; Стэфан Снягоцкі, вікарый лідскай Фары; Аляксандр Аўгустыновіч, пробашч у Нецечы; Стэфан Дабравольскі, пробашч у Беліцы; Альфонс Бароўскі; Францішак Цыбульскі, пробашч у Трабах; Ежы Ажароўскі, пробашч у Ліпнішках; Вінцэнт Стшэснеўскі, пробашч у Юрацішках.
Святар падкрэсліў, што яны прынеслі яскравае сведчанне веры, а таксама вучаць сённяшняе духавенства сведчыць пра Езуса Хрыста.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Гродзенскі падзякаваў усім прысутным за ўдзел у дні засяроджання, адзначыўшы неабходнасць такіх сустрэч, якія пазітыўна ўплываюць на будаўніцтва святарскага адзінства і з’яўляюцца добрай нагодай аднавіць духоўнае жыццё.
Іерарх пажадаў усім святарам, каб сёлетні Вялікі пост добра перажыла кожная парафіяльная супольнасць.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Віталій Гурэц