У першую суботу месяца копіі цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў, якія здзяйсняюць перэгрынацыю, прыбылі ў парафію Перамянення Пана ў Крэве (Смаргонскі дэканат). Двума тыднямі раней абразы Найсвяцейшай Панны Марыі ўшаноўваліся вернікамі маладой смаргонскай парафіі св. Яна Паўла ІІ.
Разам з пробашчам старажытнай крэўскай парафіі ксяндзом Юрыем Церабеем святую Імшу цэлебраваў а. Язафат Кунцэвіч ОFM з мінскай парафіі св. Сымона і св. Алены.
Святар звярнуў увагу на аблічча Марыі, на якім можна заўважыць у вачах Маці Божай крыху смутку і заклапочанасці. Па яго словах, гэта азначае, што Марыя неабыякавая да нашых праблем, і ў цяжкую хвіліну неабходна даверыцца Ёй, не наракаць на жыццё, не паддавацца спакусе граху, а заўсёды быць вернымі Богу. Усмешка ж на Яе твары нагадвае, што, хоць мы крыўдзім Яе Сына сваімі грахамі, Яна не перастае нас любіць і заступацца за нас. Святар дадаў, што Марыя прыкладам свайго жыцця паказвае нам паўнату любові да кожнага.
“І менавіта Марыя вучыць нас, як па-сапраўднаму радавацца. Каб мы, калі захоўваем пост, не былі смутныя, як крывадушнікі, а радаваліся, што можам перажыць гэты час вялікага росту”, – дадаў а. Язафат.
На заканчэнне набажэнства перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам адбылася малітва ў інтэнцыі міру і згоды ва ўсім свеце і на нашай Радзіме.
На працягу двух тыдняў, да 19 сакавіка, у крэўскім касцёле асаблівым чынам будуць ушаноўваць Багародзіцу, даручаючы Яе апецы ўсіх жыхароў мястэчка і суседніх вёсак парафіі.
Віктар Ведзень