Ва ўсіх святынях Гродзенскай дыяцэзіі ўзносяцца малітвы ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце, асабліва ва Украіне. Вернікі моляцца аб спыненнi ваенных дзеянняў і пошуку шляхоў да прымірэння.
Адарацыя ў гэтай важнай інтэнцыі з’яднала таксама вернікаў парафіі св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні. Падчас малітвы яны даручалі Пану Богу братэрскі ўкраінскі народ, просячы аб міры.
Сведчаннем дзеліцца адзін з удзельнікаў гэтай малітоўнай ініцыятывы:
“Сёння вечарам амаль што бегла ў капліцу на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, несла сваё збалелае і зморанае ад перажыванняў сэрца. З ружанцам у руцэ хуценька ўвайшла ў капліцу і спынілася, бо незвычайна было. Усё ў паўцемры, і толькі алтар падсвечаны, а на ім – Езус Хрыстус, жывы, хоць і ўкрыты ў Гостыі.
Сама адарацыя была сёння незвычайная: мне не спатрэбіўся ні малітоўнік, ні ружанец.
Гэта была размова з Богам. Вось тут, на алтары, знаходзіцца Езус. Да Яго можна прытуліцца, Яму трэба даверыцца, бо любіць Ён нас безумоўна. Ад Яго можна атрымаць суцяшэнне і супакой.
Кожны з нас, хто стаяў на каленях перад Панам, прыйшоў з асабістымі інтэнцыямі. Але з пэўнасцю скажу, што адна агульная інтэнцыя была. Адна на ўсіх. Усе, усе, як адзін, маліліся аб міры і супакоі, аб прабачэнні, міласэрнасці, любові адзін да аднаго. Аб супакоі і ў сэрцах нашых таксама. Аб даверы Богу ў гэты няпросты час. Ведаю, што цяжка, бо многія плакалі. Плакала і я.
Сімвалічна і тое, што тыдзень, як у нашай парафіі знаходзяцца копіі цудадзейных абразоў Маці Божай з усёй Беларусі. Трынаццаць абразоў, з якіх глядзіць на нас Марыя, духоўна аздобілі адарацыю.
Вось цяпер асаблівы час, каб узнесці малітву праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі аб міры і супакоі ва Украіне і на нашай Радзіме. Асаблівы час, каб навучыцца любіць і прабачаць!”
Адказваючы на заклік каталіцкіх біскупаў нашай краіны, далучымся да посту і салідарнай малітвы ў інтэнцыі міру ва Украіне, карыстаючыся магчымасцю адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, спеву суплікацыі “Святы Божа”, малітвы Ружанца, Крыжовага шляху і іншых набажэнстваў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі