Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, разам з нашымі вернікамі глыбока заклапочаныя тым, што працяглы палітычны канфлікт паміж Расіяй і Украінай перайшоў у фазу вайны. У выніку гінуць людзі, разбураюцца гарады, населеныя пункты і інфраструктура, сотні тысяч бежанцаў вымушаны шукаць прытулку на чужыне.
Вайна — гэта злачынства супраць Бога і чалавека, якое заслугоўвае рашучага і неадкладнага асуджэння (пар. Другі Ватыканскі Сабор, Канстытуцыя Gaudium et spes, 80).
Мы суперажываем нашай паўднёвай суседцы Украіне, якая перажывае трагедыю. Падтрымліваем заклікі Святога Айца Папы Францішка і Апостальскага Пасаду, дыпламатычныя захады і перамовы Расіі і Украіны на беларускай зямлі з мэтай неадкладнага спынення ваенных дзеянняў і пошуку шляхоў да прымірэння; але для таго, каб бакі маглі пачуць адзін аднаго, неабходна, каб змоўкла зброя.
Таксама мы занепакоены інфармацыйнай вайной, якая наносіць не меншую шкоду і правакуе нянавісць паміж людзьмі і народамі.
Сёння, калі вырашаецца будучыня не толькі Украіны, неабходна зрабіць усё магчымае, каб знайсці мірнае вырашэнне канфлікту.
Заклікаем вернікаў і ўсіх людзей добрай волі:
- да посту і салідарнай малітвы ў касцёлах нашай краіны ў інтэнцыі міру ва Украіне, карыстаючыся магчымасцю: адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, спеву суплікацыі «Святы Божа», Ружанцовай малітвы, Крыжовага шляху і іншых набажэнстваў;
- з братэрскай любоўю і салідарнасцю аказваць пасільную дапамогу пацярпелым.
Мы молімся і просім, каб тыя, ад каго гэта залежыць, не дапусцілі, каб нашая краіна прымала ўдзел у гэтай вайне.
Аб’яднаныя ў посце і малітве,
Біскупы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
Мінск, 3 сакавіка 2022 г.
Тэкст Звароту для друку ТУТ>>>