29 i 31 студзеня адбылася сустрэча сясцёр Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў фармаце анлайн, прысвечаная Сіноду Біскупаў на тэму “На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія”.
У сустрэчы, якая праводзілася з дапамогай інтэрнэту, удзельнічала большасць сясцёр назарэтанак, якія служаць на Беларусі.
Сярод удзельніц была с. Аліна Фурчык, генеральная асістэнтка Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, якая падзялілася з сёстрамі разважаннямі на тэму сінадальнасці як стылю жыцця.
Прыгадаўшы гамілію Святога Айца Францішка на распачацце Сіноду, сястра на прыкладзе сустрэчы Езуса з багатым юнаком патлумачыла ідэю сінадальнасці, канцэнтруючыся на трох ключавых словах: сустрэць, слухаць, распазнаваць.
Пасля сёстры дзяліліся тым, як разумеюць сінадальнасць у адносінах да кансэкраванага жыцця і ў сітуацыі мясцовага Касцёла. Размова датычылася ўзаемнага і супольнага слухання, а таксама распазнання шляху, якім вядзе Дух Святы, адкрыцця на адрозненні іншага чалавека і прыняцця адзін аднаго ў нашай параненасці і слабасцях. Акрамя таго, сёстры распавялі, якім чынам уключаюцца ў сінадальныя сустрэчы ў парафіях.
Сустрэча была нагодай лепш пазнаць адзін аднаго і падзяліцца досведам. Яна паказала, якую вялікую патрэбу маюць сёстры адна ў адной, каб разам узрастаць у веры, рэалізуючы сваё манаскае пакліканне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі