9 студзеня, у свята Хросту Пана, на заканчэнне перыяду Нараджэння Пана, у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч.
У Гадзіну міласэрнасці на Эўхарыстыі, якая цэлебравалася на беларускай мове, сабраліся шматлікія вернікі, каб супольна дзякаваць Богу ў Тройцы Адзінаму за ласку святога хросту, за сваіх бацькоў і хросных, дзякуючы якім атрымалі вялікі дар веры.
Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў у гаміліі, што хрост ачышчае чалавека ад першароднага граху і іншых грахоў, калі хрысціцца дарослы. Езус прыняў хрост ад Яна Хрысціцеля ў сувязі са сваім публічным пакліканнем, бо Ян “заклікаў габрэйскі народ да хросту пакаяння, а Езус належаў да гэтага народу, жыў сярод грэшнікаў і не мог аддзяліць сябе ад іх”.
Іерарх дадаў, што дзякуючы хросту “мы становімся хрысціянамі, членамі Касцёла як містычнага Цела Езуса, з правамі і абавязкамі, якія з гэтага вынікаюць”.
“Хрыстус прыйшоў, каб ачысціць нас сваёй ахвярай і смерцю на крыжы. Менавіта таму святы апостал Павел кажа, што праз хрост мы пахаваныя з Хрыстом у смерць, каб з Ім уваскрэснуць да новага жыцця”, – сказаў арцыбіскуп.
Кажучы пра нябачаную дагэтуль пандэмію каранавірусу, якую перажывае свет, іерарх адзначыў, што ўжо дзве тысячы гадоў існуе таксама “вірус” у добрым сэнсе слова – “вірус хрысціянства”. Аднак, дадаў арцыбіскуп, у наш час хрысціянства перажывае глыбокі крызіс. “Мы створаны быць каштоўнымі духоўнымі брыльянтамі. Каб быць такімі, мы павінны пастаянна ўдасканальвацца. Нам неабходна аддаць сябе ў рукі боскага скульптара, які долатам Божай ласкі ачысціць нас ад грахоў і адшліфуе да бляску дзяцей Божых, нанава ўчыніць бясцэнным боскім дыямантам. Для гэтага нам патрэбны Хрыстус, Касцёл, навяртанне і міласэрнасць”, – звярнуў увагу іерарх.
Ён нагадаў, што Касцёл корміць нас Божым словам, Эўхарыстыяй і іншымі сакрамэнтамі, кіруе намі праз біскупаў і святароў. Пастаяннае навяртанне неабходнае, таму што атрыманае ў сакрамэнце хросту новае жыццё можа быць аслаблена і нават забруджана грахом. Міласэрнасць жа – найвялікшая з усіх цнотаў, без дабрачыннасці і цноты міласэрнасці мы будзем непладаносным дрэвам, а дзякуючы ёй зможам прынесці багаты плён, дадаў арцыбіскуп.
Іерарх падкрэсліў, што “калі Хрыстус, Касцёл, сакрамэнт пакаяння і міласэрнасць будуць на першым месцы ў нашым жыцці, то мы будзем не штучнымі, але сапраўднымі хрысціянамі”, удзел якіх – вечнае шчасце ў небе.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі