23 снежня прадстаўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі наведалі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, шматдзетныя сем’і, а таксама адзінокіх людзей.
Валанцёры падзяліліся прадуктовымі наборамі і святочнымі пасылкамі з патрабуючымі Іўя і наваколля. Адным з самых важных мерапрыемстваў акцыі было наведванне Іўеўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Там валанцёры пакінулі дзецям падарункі і павіншавалі іх з блізкімі святамі.
Акцыя па зборы падарункаў праходзіла ў іўеўскім касцёле на працягу ўсяго Адвэнту. У гэты час вернікі прыносілі ў святыню прадукты і рэчы.
Такая акцыя мае традыцыйны характар і адбываецца напярэдадні свята Божага Нараджэння ўжо шмат гадоў.
Арганізатары выказваюць вялікую падзяку ўсім, хто адгукнуўся на просьбу і прынёс свае дары, каб падзяліцца імі з патрабуючымі.
Раман Ярмош