11 снежня ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне студэнт трэцяга курса гэтай навучальнай установы Антон Тышко атрымаў духоўны строй – сутану. Семінарыст паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія).
Раратнюю Імшу ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліў у гэты дзень біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх благаславіў сутану, якую затым семінарыст апрануў у сакрыстыі.
На малітве прысутнічала семінарыйная супольнасць на чале з рэктарам кс. Віталіем Вайцяхоўскім, а таксама маці і блізкія Антона Тышко.
У гаміліі біскуп Кашкевіч заахвоціў усіх сабраных заўсёды казаць “так” дзеянню Божай ласкі, а “не” – граху.
На заканчэнне Антон Тышко падзякаваў усім за прысутнасць на гэтай важнай для яго ўрачыстасці, якая з’яўляецца чарговым крокам на яго шляху да святарства. Таксама ён прасіў аб далейшым малітоўным спадарожнічанні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Павел Леановіч