
На пачатку прэзентацыі маладыя артысты з лялечнага тэатра паказалі невялікі спектакль па легендзе аб святым Губерце. Пасля лялечнага прадстаўлення гаспадыня галерэі Марыля Мацко прывітала мастакоў, якія прынялі ўдзел у выставе: Ніна Чураба, Уладзімір Кіслы, Аляксандр Сільвановіч, Андрэй Філіповіч, Алесь Сураў і інш. Святы Губерт памёр у 727 годзе. Існуе легенда, што аднойчы ў лесе ён сустрэўся з аленем з залатым крыжам паміж рагамі. Пасля гэтай сустрэчы св. Губерт раздаў сваю маёмасць бедным і пачаў прапаведаваць хрысціянства. Ён лічыцца заступнікам паляўнічых, а алень св. Губерта змешчаны на выяве герба Гродна.







