Skip to main content

Біскуп Гродзенскі благаславіў новыя фігуры ў геранёнскай парафіі

geraniony 3030 лістапада, у свята св. Андрэя, апостала, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах (Іўеўскі дэканат).

У гістарычнай святыні іерарх узначаліў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэтую парафію.

Перад пачаткам Эўхарыстыі біскуп благаславіў шэсць новых фігур, якія былі ўсталяваны на прыкасцёльнай тэрыторыі. Гэта фігуры Маці Божай Балеснай, св. Яна, св. Юзафа, Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, св. Антонія і П’еты ля крыжа.

Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. Дзмітрый Несцер. Святар звярнуўся да біскупа з просьбай агарнуць малітвай усіх вернікаў парафіі, у тым ліку тых, хто прычыніўся да набыцця фігур, благаслаўленых у гэты дзень.

geraniony 22

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў вернікаў да плённага перажывання Адвэнту, каб у гэты выключны час, які дае кожнаму чалавеку Пан Бог, адкрываць свае сэрцы на патрэбы іншых людзей.

Іерарх падзякаваў вернікам за іх малітву ў інтэнцыі Касцёла і вялікі клопат, якім яны атачаюць сваю парафіяльную святыню, і заклікаў іх адорваць адзін аднаго на ўзор апекуна парафіі св. Мікалая добрым словам і канкрэтным учынкам.

Эўхарыстыя завяршылася навэннай, якая зараз праходзіць у парафіі перад штогадовай адпустовай урачыстасцю у гонар яе апекуна.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Мікіта Ціткоў