Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
Першай нядзеляй Адвэнту мы распачынаем чарговы літургічны год, які рыхтуе нас да прыйсця Пана. У адвэнтавы перыяд Касцёл словамі Хрыста кліча нас да малітвы і чування: “Чувайце і маліцеся ўвесь час” (Лк 21, 36).
Прадказаўшы апошнія падзеі і знакі, якія будуць ім спадарожнічаць, Езус Хрыстус кліча сваіх вучняў чуваць. Гэты тэрміновы заклік, як кажа нам Слова Божае, быў выкліканы тым, што тады, калі на Аліўнай гары Езус просіць вучняў чуваць, маліцца і спачуваць Яму – вучні, змучаныя, спяць (пар. Лк 22, 39-46). Падобна было на гары Табор: калі Езус цудоўным чынам аб’яўляе сваю боскасць і ўваходзіць у найглыбейшую блізкасць і з’яднанне з Айцом, вучні змораныя сном (пар. Лк 9, 28-36). Сапраўды, знешне яны разам з Езусам, але не ўдзельнічаюць у глыбіні таямніцы. Прасыпаюць яе.
Змучанасць вучняў Езуса застаецца актуальнай, бо і ў нашым духоўным жыцці часта назіраецца стомленасць, адсутнасць увагі, няўдзел, прызвычаенасць ці нават штодзённая руціна, а гэта вядзе да таго, што мы жывём як быццам у паўсне. Таму нам патрэбны гэты Адвэнт, каб абудзіцца да новага жыцця і зірнуць інакш на ўсё, што вакол. І варта ў гэты час уважліва прыгледзецца да нашага ўдзелу ў Эўхарыстыі, бо менавіта на ёй здзяйсняецца такое перамяненне, як на гары Табор. Кожная святая Імша павінна нас перамяняць знутры і стаць вялікай падзякай Богу за ўсё, што праз Езуса Хрыста Ён учыніў для ўсяго чалавецтва.
Варта ў гэты час зірнуць на нашу малітву, якая павінна быць сцішэннем, супакаеннем перад Богам. Яна павінна быць позіркам, поўным захаплення Яго прыгажосцю, любоўю, моцай і мудрасцю. Часта на малітве мы замест таго, каб быць з Богам, знаходзімся думкамі ў мінулым або ў будучыні. Думаем над тысячамі справаў, вырашаем праблемы, развярэджваем старыя раны ці марым пра лепшае заўтра.
Цудоўным сведчаннем і выразам нашай веры будзе практыкаванне ці вяртанне да супольнай малітвы ў сям’і, бо ўсе сем’і пакліканы да таго, каб маліцца. Варта звярнуць увагу, каб гэтая сямейная малітва не абмяжоўвалася толькі прамаўленнем вячэрніх малітваў. Ёсць яшчэ шмат іншых дзеянняў, якія надаюць духоўнае вымярэнне нашай штодзённасці ў сям’і: благаслаўленне перад пасілкам, малітва, якую прамаўляем у аўтамабілі па дарозе на вучобу ці працу, абрады, звязаныя са святамі, святочны сняданак у нядзельную раніцу, малітва на могілках за блізкіх памерлых… Трэба ствараць хрысціянскую атмасферу ў доме, каб дзеці раслі, “купаючыся” ў веры, і маглі развіваць сваё пакліканне да малітвы. Наколькі ж важна таксама знайсці дарогу да асабістай малітвы, калі мы дзесьці раптам яе згубілі. Яна заўсёды з’яўляецца асабістым дыялогам чалавека з Богам у цішыні свайго ўласнага сэрца.
Варта падчас адвэнтавага шляху, які вядзе нас да беднай стаенкі, адкрыць свае сэрцы на патрэбы бліжніх, на іх праблемы, радасці і засмучэнні. Гэта добры перыяд, каб шырока раскрыць нашы сэрцы, каб задаць сабе канкрэтныя пытанні аб тым, як і для каго мы прысвячаем наша жыццё. Варта ў гэтыя халодныя снежаньскія вечары, у складанай на дадзены момант з розных прычын сітуацыі, заўважыць чалавека ў патрэбе, які хоча не толькі цёплага хлеба, зручнага абутку, але і добрага слова ці канкрэтнага ўчынку. Кожны дзень мы маем столькі нагодаў, каб чыніць дабро! Таму ў сёлетнім пасланні на Сусветны дзень бедных Папа Францішак заахвоціў шукаць бедных у першую чаргу там, дзе яны знаходзяцца. “Мы не можам чакаць, пакуль яны пастукаюць у нашы дзверы. Вельмі патрэбна, каб мы да іх дайшлі ў іх уласных дамах, у шпіталях і дамах апекі, на вуліцах і ў цёмных завулках, дзе яны часам хаваюцца, у прытулках і прыёмных цэнтрах… Важна зразумець, як яны сябе адчуваюць, што перажываюць, якія жаданні маюць у сэрцы” (№ 9).
Дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
Час прыйсця Пана застаецца для нас вялікай таямніцай. Аднак Пан Бог прыходзіць да нас штодзённа, прыходзіць “знянацку”, “як пастка” альбо “як злодзей”. Не толькі ў “апошні дзень”, не толькі ў Эўхарыстыі ці на Божае Нараджэнне. Таму мы павінны быць дасяжныя, знаходзіцца ў гатоўнасці, чуваць нястомна, а тым больш у абставінах пандэміі, пастаянна быць у стане асвячальнай ласкі. Пан заўсёды ёсць і дзейнічае для нашага дабра. Як у сваім зямным жыцці, так і сёння Пан прыходзіць з той жа мэтай: даць людзям свой супакой, мір і згоду нашым сем’ям і свету, каб вызваліць нас ад падзелаў, спрэчак і варожасці, каб “зашыць” нашы разрывы, каб дазволіць зменшыцца неадпаведнасці паміж тым, што мы кажам, і тым, што сапраўды робім.
Ксёндз Ян Твардоўскі, кажучы пра навяртанне, прыводзіць вобраз каменя, які Бог узяў у рукі, каб апрацаваць. Хоць ён час ад часу выпадае з Божых рук і падае ў гразь, Бог зноў яго бярэ і шліфуе. Бог хоча апрацаваць высакародны камень нашага жыцця з нашым удзелам. Гэта будзе магчыма, калі мы прадпрымем шэраг канкрэтных дзеянняў у сферы нашага духоўнага жыцця.
Стоячы на парозе сёлетняга Адвэнту, прымем гэтае запрашэнне ўскласці на сябе складаную, але якую ж важную і збаўчую задачу – унесці Пана Бога ў цэнтр нашага ўласнага жыцця. Няхай жывое Слова пранікне ў нас, дасць пачатак нашаму ўнутранаму перамяненню і нашаму навяртанню.
Няхай у гэтым адвэнтавым “шліфаванні” нашага сэрца і спаўненні гэтых складаных, але ж вельмі патрэбных задач нам дапамагае Найсвяцейшая Панна Марыя, Жанчына, якая чувае, нястомна адкрытая на навіну Бога. Тая, якая дазваляла Богу здзівіць сябе, а адначасова была гатовая прымаць кожнае Яго Слова, няхай нас вучыць перажываць гэты час сапраўды хрысціянскім чынам у нашых сем’ях і супольнасцях.
На шлях плённага чування ўсіх ад усяго сэрца благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 22 лістападa 2021 г.
Прашу паважаных пробашчаў і адміністратараў Гродзенскай дыяцэзіі аб прачытанні Пастырскага ліста падчас кожнай святой Імшы ў I Нядзелю Адвэнту.