Skip to main content

Навуковая сустрэча да 20-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі і 70-годдзя са дня смерці Заступніка дыяцэзіі св. М. Кольбэ

Навуковы сімпозіум з нагоды 20-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі і 70-ай гадавіны пакутніцкай смерці св. Максіміліяна Марыі Кольбэ адбыўся ў Гродне 29 кастрычніка. На пачатку навуковай сустрэчы кс. бп Аляксандр Кашкевіч прывітаў гасцей і ўзгадаў у малітве св. Максіміліяна Кольбэ, Заступніка дыяцэзіі. Праграму сімпозіума вёў а. д-р Андрэй Шчупал CSsR.

Даклад а. праф. д-р.н. Гжэгажа Бартосіка OFM Conv. “Святы Дух і пасрэдніцтва Маці Божай паводле св. Максіміліяна” зачытаў а. д-р.н. Міраслаў Бартос – правінцыял з супольнасці айцоў францішканаў. Як адзначае ў сваім дакладзе а. Гжэгаж, св. Максіміліян не быў тэолагам у поўным сэнсе гэтага слова. Ён, хутчэй, быў апосталам і духоўным айцом сваіх братоў. Ягоная марыялогія абапіраецца на дзве таямніцы Марыі: Беззаганнага Зачацця і пасрэдніцтва Бласлаўлёнай Дзевы. Менавіта паглыбленню гэтых таямніц св. Максіміліян і надае найбольшую ўвагу, з іх выводзіць сваю канцэпцыю апостальства. У апошнія гады жыцця св. Максіміліян Кольбэ пачаў праяўляць асаблівую зацікаўленасць узаемасувяззю паміж Марыяй і Святым Духам. Гэтая праблематыка, застаючыся ў цеснай сувязі з таямніцамі Беззаганнага Зачацця і пасрэдніцтва Панны Марыі, з’яўляецца найбольш арыгінальнай тэалагічнай часткай з усёй спадчыны св. Максіміліяна.

З-за цяжкай хваробы ўдзел у сімпозіуме не змог прыняць кс. праф. д-р.н. Станіслаў Урбаньскі. Яго рэферат “Містыка Божай Міласэрнасці” зачытаў а. д-р Андрэй Шчупал CSsR. Ва ўступе а. Андрэй адзначыў, што Божая Міласэрнасць мае асаблівае значэнне для Гродзенскай дыяцэзіі. Аўтэнтычны абраз Езуса Міласэрнага амаль 30 гадоў захоўваўся ў в. Новая Руда Гродзенскай дыяцэзіі, пасля чаго па ініцыятыве кс. Міхала Сапоцькі быў перададзены ў Вільню. Таму разважанні над містыкай Божай Міласэрнасці наўпрост тычацца тэматыкі сімпозіума.

Пра дзейнасць жаночых манаскіх супольнасцей на сучаснай тэры­торыі Гродзенскай дыяцэзіі ў міжваенны перыяд зачытала д-р Ларыса Міхайлік. Як адзначае аўтарка рэферата, манаскае жыццё ў перыяд 1921-1939 гг. на гэтых землях істотна ажывілася. У разы павялічылася колькасць кляштараў, у тым ліку жаночых, сваю дзейнасць разгарнулі шматлікія новыя кангрэгацыі.

Даклад кс. праф. д-р.н. Тадэвуша Крахеля тычыўся тэмы “Сведкі Хрыста. Сведчанні святароў Віленскай архідыяцэзіі ў 1939-1991 гг.” Адзначаны ў тэме рэферата час быў вельмі цяжкім для Касцёла: пераследаванне святароў спачатку ў час Другой сусветнай вайны, а пасля ў часы савецкай улады, калі паўсюдна прымусова насаджаўся атэізм. Тэма рэферата а. Тадэвуша была прысвечана цярпенню і пакутніцкаму служэнню святароў на Гродзенскіх землях, аж да праліцця крыві і пазбаўлення жыцця.

Напрыканцы першай часткі сімпозіума з дакладам на тэму “Устанаўленне Гродзенскай дыяцэзіі і найважнейшыя працягу 20 гадоў існавання” выступіў кс. магістр Антоні Грэмза. Падчас другой часткі сімпозіума былі зачытаны даклады адказных за кіраванне ўстановамі, якія дзейнічаюць у структуры Гродзенскай дыяцэзіі: Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, “Карытас”, Дыяцэзіяльнага выдавецтва, Катэхетычнага інстытута і інш.

Пасля заканчэння сімпозіума ў Францішканскім касцёле адбылася ўрачыстая св. Імша, якую цэлебраваў кс. бп Аляксандр Кашкевіч.