16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, Маці Божай Вастрабрамскай, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне.
У гэты дзень у парафіі адзначалася адпустовая ўрачыстасць. Абраз Маці Міласэрнасці змешчаны ў галоўным алтары святыні.
Іерарх узначаліў у парафіі святую Імшу, падчас якой агарнуў малітвамі Касцёл на Гродзеншчыне, даручыўшы галоўнай Апякунцы ўсіх, хто яго ўтварае.
На Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі мігрантаў, якія знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы, і ўсіх, ад каго залежыць вырашэнне гэтай праблемы. Прысутныя прасілі добрага Бога, каб гэтая сітуацыя была як найхутчэй вырашана шляхам міру, з пашанай пры гэтым годнасці кожнага чалавека.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што Найсвяцейшая Маці запрашае ўсіх адкрываць, кожны раз зноў, таямніцу Божай Міласэрнасці, якая аб’яўляецца ў адвечным плане збаўлення чалавека. У гэтым Божым плане збаўлення Марыя мае асаблівую ролю, спаўняе выключную, вызначаную Провідам задачу.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што Марыя мае права на тытул Маці Міласэрнасці, бо з любоўю глядзіць на кожнага чалавека, асабліва таго, які знаходзіцца ў патрэбе, а стоячы пад крыжам Збаўцы пры Яго кананні, Яна стала Маці ўсіх людзей і ўсяго Касцёла.
“Кожны, хто ўшаноўвае Марыю як Маці Збаўцы, жадае з Ёю размаўляць, жадае адкрываць перад Ёю найглыбейшыя тайнікі сэрца, жадае аддаць у Яе мацярынскія, поўныя любові і клопату рукі ўсе свае турботы і непрыемнасці, нягоды і смутак, сумненні і праблемы”, – сказаў іерарх.
Па словах біскупа, кожны чалавек жыве быццам на памежжы двух светаў: унутранага, дзе адбываецца ціхі дыялог з Панам Богам, дзе чалавек моліцца, засяроджваецца перад Марыяй, каб атрымаць такую патрэбную Божую моц, і знешняга, поўнага занятасці, працы і клопатаў.
“Нам трэба вельмі дбаць аб тым, каб ні адзін з гэтых светаў не зачыніўся перад намі. Нам трэба так жыць і дзейнічаць, каб захаваць паміж гэтымі двума светамі неабходную раўнавагу”, – адзначыў іерарх.
Завяршаючы гамілію, біскуп заахвоціў усіх прысутных у святыні даручыць Маці Божай усё тое, што ляжыць у іх на сэрцы, бо “кожная ласка з неба сыходзіць на зямлю праз рукі Марыі”.
Урачыстасць скончылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла, а пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі падзякаваў усім за дар супольнай малітвы.
Кс. Юрый Марціновіч