9 лістапада ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат) адбылася Імша ў інтэнцыі ксяндза Леаніда Мозгеля ў першую гадавіну яго смерці.
Ксёндз Леанід паходзіў з гэтай парафіяльнай супольнасці. Ён быў святаром Віцебскай дыяцэзіі, несучы служэнне ў Ветрыне, Фарынаве, Блізніцы, Бягомлі, Павяцці і Ідолце, а ў апошні час да моманту смерці з’яўляючыся пробашчам парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне.
На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабраліся шматлікія святары і землякі спачылага. Прысутнічаў таксама біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, у дыяцэзіі якога служыў кс. Мозгель.
Гамілію прамовіў пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях (Радунскі дэканат) кс. канонік Станіслаў Лабан, які паходзіць з той жа парафіі, што і спачылы. Ксёндз канонік падкрэсліў, што кс. Леанід Мозгель усё сваё святарскае жыццё, якое працягвалася 17 гадоў, верна служыў людзям і Богу, і выказаў надзею, што за сваё руплівае і адданае служэнне памерлы атрымае вечную ўзнагароду ад Пана.
Пасля Імшы ўсе прысутныя накіраваліся да магілы кс. Леаніда. Яна знаходзіцца каля мясцовай старадаўняй святыні, якая адыгрывала важную ролю ў яго жыцці. Біскуп Алег Буткевіч благаславіў помнік, усталяваны на магіле святара.
Ксёндз Леанід Мозгель нарадзіўся 26 снежня 1968 года ў в. Карэвічы (Гродзенская дыяцэзія). Быў ахрышчаны 27 студзеня 1969 г. у Васілішках. У 2001 г. скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.
12 лістапада 2002 г. у Мёрах прыняў дыяканскае пасвячэнне, 1 мая 2003 г. у Віцебску – прэзбітэрскае, якое ўдзяліў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. У памяці вернікаў і духавенства Віцебскай дыяцэзіі застаўся як пабожны, сумленны і адданы святар.
Адышоў у вечнасць 9 лістапада 2020 г., днём раней памерла яго маці Станіслава.
Кс. Юрый Марціновіч