Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей адрэагаваў на публікацыю ў газеце “Мінская праўда”, дзе змяшчалася карыкатурная выява каталіцкіх святароў.
У лісце ад 9 верасня 2021 г. на імя біскупа Алега Буткевіча, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў у Беларусі, Упаўнаважаны А.А. Румак падкрэсліў, што гэтая публікацыя не адлюстроўвае афіцыйную пазіцыю дзяржавы ў адносінах да Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі. На думку спадара Румака матэрыялы, апублікаваныя ў газеце “Мінская праўда” ад 7 верасня 2021 г. №68, не спрыяюць падтрыманню міжканфесійнага міру і згоды ў краіне. Атаясамленне ж аўтарам артыкула асабістай ацэнкі дзейнасці асобных каталіцкіх святароў з усім Рыма-каталіцкім Касцёлам у Беларусі з’яўляюцца непрымальнымі. Спадар Румак паведаміў у лісце, што Міністэрства інфармацыі пісьмова апавясціла Мінскае абласное ўнітарнае прадпрыемства “Інфармацыйнае агенцтва “Мінская праўда” аб недапушчальнасці падобнага роду публікацый.
Нагадаем, што вернікі і святары Каталіцкага Касцёла ў Беларусі былі моцна абураны зневажальнай карыкатурай, змешчанай у газеце “Мінская праўда” ад 7 верасня 2021 г., што знайшло сваё адлюстраванне ў афіцыйным паведамленні каталіцкіх біскупаў Беларусі. У паведамленні адназначна асуджалася згаданая публікацыя і расцэньвалася як распальванне варожасці ў беларускім грамадстве. Біскупы таксама выказалі спадзяванне, што адпаведныя органы дзяржаўнай улады дадуць належную прававую ацэнку дадзенай карыкатуры і публікацыі ў газеце “Мінская праўда”.
Курыя Віцебскай дыяцэзіі