З 15 па 22 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (Індустрыяльны) праходзілі “канікулы з Богам”. Гэтае мерапрыемства – касцёльны лагер, у якім дзеці бавяць час з карысцю для сябе, – з’яўляецца штогадовай традыцыяй для парафіі.
У гэтым годзе колькасць удзельнікаў склала 340 чалавек. Яны былі падзеленыя на дзесяць груп у залежнасці ад узросту. Важатыя даглядалі дзяцей і весела праводзілі з імі час. Сёлета пробашч парафіі айцец Аляксандр Махнач SP дазволіў старшакласнікам паспрабаваць сябе ў ролі выхаваўцаў. Моладзь адзначыла, что спачатку было няпроста, але жаданне зрабіць свята для дзяцей пераадольвала ўсе цяжкасці.
Пробашч афіцыйна распачаў мерапрыемства на нядзельнай Імшы. Сёлета канікулы праходзілі пад дэвізам “Са святым Юзафам у школе Хрыста”, таму на пачатку кожнага дня святар распавядаў дзецям пра асобу гэтага святога.
На працягу тыдня дзяцей чакалі розныя забавы, якія не дазвалялі ім сумаваць. Напрыклад, на чацвер прыпаў дзень спорту. Для дзяцей былі арганізаваны разнастайныя спаборніцтвы, пачынаючы са скачкоў і заканчваючы спартыўнай віктарынай. За кожнае выкананае заданне даваліся балы. Каманды, якія набралі найбольшую колькасць, атрымалі салодкія падарункі.
У пятніцу адбыўся дзень талентаў. Дзеці мелі магчымасць прадэманстраваць тое, што робяць лепш за ўсё. У некаторых гэта былі спевы, танцы, у іншых – ігранне на музычных інструментах ці выразнае чытанне вершаў. Лепшыя ўдзельнікі атрымалі падарункі і парадавалі гледачоў выступленнем на канцэрце ў суботу.
Скончыўся вясёлы тыдзень таксама нядзельнай Імшой, на якой айцец Аляксандр ад усяго сэрца падзякаваў парафіянам за дапамогу, з якой атрымалася падрыхтаваць гэтае своеасаблівае свята для дзяцей і моладзі.
Ангеліна Лашко
Фота: Маргарыта Снапко