21 жніўня ў касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку с. Імэльда Пятрова ад Любові Укрыжаванай з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) прынесла вечныя манаскія абяцанні.
Сястра Імэльда паходзіць з парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні.
Ва ўрачыстай падзеі прынялі ўдзел назарэтанкі, якія служаць у Беларусі, найбліжэйшыя родныя с. Імэльды, яе сябры, знаёмыя і жыхары Навагрудка.
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас Эўхарыстыі іерарх маліўся аб дапамозе Духа Святога ва ўмацаванні сястры ў вернасці прынесеным абяцанням.
Гамілію прамовіў а. Анджэй Ядкоўскі CSsR, пробашч гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, дзе служыць маладая законніца.
Як знешні знак вечнага пасвячэння с. Імэльда атрымала пярсцёнак са словамі па-лацінску “Мой каханы мой, а я Ягоная”, якія нагадваюць пра запавет, заключаны з Богам.
Біскуп Кашкевіч на заканчэнне літургіі пажадаў законніцы заўсёды старацца імкнуцца да святасці і заставацца вернай Таму, хто паклікаў яе да служэння ў назарэтанскай сям’і.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў вернікаў працягваць маліцца аб новых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.
Падзяляючы з с. Імэльдай яе радасць, молімся за яе і просім, каб яна была святлом Хрыста ў свеце і заўсёды ішла за Ім – Любоўю Укрыжаванай.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Галіна Валюшка