13-14 жніўня адбылося спатканне салезіянаў супрацоўнікаў Беларусі ў аг. Уселюб (Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць).
Салезіяне супрацоўнікі - гэта хрысціяне, якія рэалізуюць сваё пакліканне праз служэнне моладзі ў духу св. Яна Боско. Яны працуюць па закліку свайго заснавальніка, каб "выхаваць сумленных грамадзян і добрых хрысціян". Сваё пакліканне яны выконваюць перш за ўсё ў сям'і, на працы, у араторыі, а таксама ў адносінах з іншымі людзьмі, даючы прыклад глыбокай веры, шчырай радасці і дабрыні.
Як адна супольнасць братоў і сясцёр салезіяне супрацоўнікі сабраліся разам, каб адпачыць, памаліцца, а таксама лепш пазнаць адзін аднаго.
"Супольнасць: як, чаму, навошта?" – так гучала тэма для разважання падчас канферэнцыі і працы па групах. Праз Слова Божае і асабістае дзяленне вопытам удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі чатыры элементы ідэальнай супольнасці - пакора, лагоднасць, велікадушнасць і любоў. У выніку салезіяне супрацоўнікі прыйшлі да высновы, што кожны зможа адчуць сябе ў супольнасці як у сям'і, калі будзе развіваць у сабе гэтыя дабрадзеі.
У канцы сустрэчы на падвядзенні вынікаў дзякавалі адзін аднаму за цудоўны час разам.
Аляксандр Перадкоў ASC выказаў сваё меркаванне наконт сустрэчы: "Быць разам заўсёды прыемна і добра, але само месца, Уселюб, настройвае на незвычайныя перажыванні блізкасці з Богам, а прыгажосць прыроды напаўняе падзякай і праслаўленнем".