14 жніўня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат) адзначылі юбілей 100-годдзя з часу заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса і 30-годдзя служэння кармэлітак у Беларусі.
На ўрачыстай Імшы падзякі за ўсе ласкі, якія атрымаў Касцёл за гэты час праз служэнне законніц, чыё пакліканне адпавядае словам “Маё неба – чыніць дабро на зямлі”, сабраліся ўдзячныя вернікі.
Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, яе канцэлебравалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і святары.
Прысутнічалі таксама ўсе сёстры кармэліткі, якія служаць у Беларусі. Сёння ў краіне тры кляштары кангрэгацыі: у Гродзенскай дыяцэзіі ў Адамавічах і Гудагаі і ў Пінскай дыяцэзіі ў Брэсце.
У Беларусі служаць адзінаццаць сясцёр, якія ўсе родам адсюль. Дзве сястры з нашай краіны нясуць служэнне ў Польшчы.
Гамілію прамовіў пробашч парафіі ў Адамавічах кс. Аляксандр Шэмет. Святар узгадаў гісторыю заснавання кангрэгацыі і галоўныя ідэі яе заснавальнікаў.
Кангрэгацыя была заснавана а. Анзэльмам Гондэкам OCD у Сасноўцы ў Польшчы ў 1921 г. Айцец Анзэльм адчуў у сэрцы Божы заклік, каб акрамя ўжо існуючага Ордэну Сясцёр Кармэлітак Босых, якія жывуць і моляцца, працуюць і служаць Богу ў сціслай клаўзуры, заснаваць супольнасць кармэлітак, якія б жылі рэгулай гэтага ордэну, але служылі, маліліся і працавалі сярод людзей.
Ксёндз Шэмет нагадаў, што з прапановай заснавання новай галіны ордэну а. Анзэльм звярнуўся да Яніны Керацінскай – пазней Слугі Божай Тэрэзы ад св. Юзафа, – якая адчувала пакліканне да манаскага жыцця ў кармэліцкай харызме. Сёлета прыпадае 75-годдзе яе адыходу ў вечнасць.
Айцец Анзэльм Гондэк назваў супольнасць Кангрэгацыяй Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса і заахвочваў наследаваць цноты Дзіцяткі Езуса. Жыццё сясцёр нагадвала жыццё Святой Сям’і з Назарэта – убогае, простае і цалкам даверанае Божаму Провіду.
У якасці заданняў у харызме супольнасці было вызначана служэнне ўбогім і найбольш патрабуючым, катэхізацыя дзяцей і моладзі, дапамога ў сакрыстыі, служэнне арганісткі, выхаванне дзяцей у дзіцячым садку, праца з дзецьмі-інвалідамі і разнастайныя хатнія працы пры кляштары.
На заканчэнне Імшы сястра Магдаліна Кулай, якая распачынае сваё служэнне ў парафіі ў Адамавічах у якасці настаяцельніцы кляштара, падзякавала ўсім за прысутнасць у гэты важны для Кармэлю дзень.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў словы ўдзячнасці кармэліткам за адданае служэнне ў дыяцэзіі і ўсім Касцёле ў Беларусі.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў законніцам працягваць рабіць дабро ўсім тым, каго Бог кожны дзень ставіць на іх шляху. Іерарх дадаў, што без сясцёр законных наш лакальны Касцёл быў бы вельмі бедны. Таму ён пажадаў кангрэгацыі далей развівацца, служачы Касцёлу.
Пасля Імшы кармэліткі запрасілі ўсіх прысутных на абед у свой сад, дзе святкаванне працягнулася.
Кс. Юрый Марціновіч