24 ліпеня ў Навагрудку адбыўся першы агульнабеларускі з’езд сем’яў Асацыяцыi Найсвяцейшай Сям’i з Назарэта. На сустрэчы сабралося каля 40 сем’яў з Гродна, Ліды, Навагрудка, Маладзечна, Глыбокага і Мінска, прысутнічалі душпастыры Асацыяцыі і кіраўніцтва беларускай правінцыі сясцёр назарэтанак.
У агульнай колькасці з’езд сабраў каля 60 дарослых і каля 80 дзяцей.
З’езд упершыню аб’яднаў большасць сем’яў з розных гарадоў Беларусі, якія наведваюць фармацыйныя сустрэчы Асацыяцыі. Удзельнікі падвялі вынікі дзесяцігадовай працы. Ва ўступным слове с. Марыянна Алешчык CSFN, адказная за Асацыяцыю, падзялілася статыстыкай. Паводле яе падлікаў, за 10 гадоў удзел у рэкалекцыях і штомесячных сустрэчах прынялі каля тысячы чалавек.
Таксама з прывітальным словам звярнуліся душпастыры Асацыяцыі: пробашч з Глыбокага кс. Мікалай Ціхановіч, пробашч з Мінска кс. Алег Шпець і пробашч з Ліды кс. Віталь Сідорка. Яны падзяліліся досведам і ўражаннямі ад працы супольнасці назарэтанскіх сем’яў. Да прысутных звярнулася і правінцыяльная сястра беларускай правінцыі назарэтанак Філатэя Ціхановіч CSFN.
У ходзе сустрэчы афіцыйнымі членамі Асацыяцыі сталі дзве сям’і з Глыбокага і Гродна. У прысутнасці сабраных яны прачыталі абяцанне і падпісалі дэкларацыю ўдзелу ў супольнасці.
Акрамя падвядзення вынікаў, мэтай з’езду было таксама планаванне наступнага фармацыйнага года. Удзельнікі абмяркоўвалі прыярытэты і бачанне развіцця супольнасці на наступны год. Плануецца, што агульнабеларускія сустрэчы сем’яў стануць штогадовай традыцыяй.
Чарговы фармацыйны год Асацыяцыі распачнецца ў верасні. Штомесяц сем’і ўдзельнічаюць у сустрэчах у Гродне, Лідзе, Маладзечне, Глыбокім і Мінску, таксама плануюцца сустрэчы ў Навагрудку, Смаргоні, Івянцы. На працягу года члены супольнасці збіраюцца на трохдзённыя мужчынскія і жаночыя рэкалекцыі, восеньскія і вясновыя сямейныя рэкалекцыі на выходных, супольнае святкаванне Новага года і летнія тыднёвыя малітоўныя практыкаванні.
Каб далучыцца да Асацыяцыі, просьба звяртацца да с. Марыянны Алешчык:
+375 44 755 65 16
Aрцём Ткачук