Як паведамлялася, 4 ліпеня ў рымскай клініцы Джэмэллі Папу Франціку была зроблена аперацыя, у сувязі з чым адказны за моладзь у беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу просіць юнакоў і дзяўчат маліцца за Святога Айца.
Малітва — дыханне новага жыцця
Любая і дарагая моладзь!
«Прашу: маліцеся за мяне»,— гэта просьба Папы Францішка, з якой ён вельмі часта звяртаецца да вернікаў.
«Ці Папу патрэбныя малітвы? — пытаюцца некаторыя, — Гэта ж мы просім яго аб малітве!..»
Так, гэта праўда. Святы Айцец Францішак, як і кожны чалавек, мае патрэбу ў малітве за яго. Таму аб патрэбе малітвы і яе важнасці ў жыцці чалавека Пантыфік вельмі часта гаворыць і нагадвае. Нядаўна нават выйшла ў свет кніжка пад назваю: «Малітва. Дыханне новага жыцця», у якой сабраныя найбольш важныя выказванні Папы Францішка пра малітву.
Малітва, на думку Святога Айца, не з’яўляецца дадаткам да хрысціянскага жыцця, але павінна яго напаўняць.
Наша штодзённае жыццё часам вельмі аднастайнае і складанае, і таму, на думку Папы, павінна быць пераплецена ніткай малітвы, якая не вядзе да таго, каб «усё зрабіць лягчэй», але з’яўляецца маім жаданнем прыняць тое, што прапануе мне нябесны Айцец. Таму, паводле Пантыфіка, малітва — гэта праца, якая патрабуе самаадрачэння і настойлівасці.
Дарагая моладзь. Напэўна вы ўжо ведаеце, бо мелі магчымасць пачуць і прачытаць у СМІ аб тым, што Папа Францішак перанёс аперацыю і цяпер знаходзіцца ў рымскай клініцы Джэмэллі, дзе, як паведамляе прэс-служба Святога Пасаду, прабудзе яшчэ прынамсі некалькі дзён.
Таму звяртаюся да вас з просьбай: маліцеся за Святога Айца Францішка. Яму гэтак жа патрэбна малітва, як і мне, як і вам, як і кожнаму іншаму чалавеку.
Хтосьці сказаў, што сцены шпіталя пачулі больш сардэчнай малітвы, чым кожны касцёл ці царква.
Калі трывога, дык пойдзем жа да Бога. Размова з Ім — малітва — дазваляе нам паглядзець далей за ўласныя інтарэсы, за свае праблемы. Малітва дазваляе нам адкрыць сваё сэрца на патрэбы іншых. Малітва заўсёды дазваляе нам выйсці за агароджу нашых клопатаў; яна прымушае нас выйсці за межы таго, што з’яўляецца крыніцай нашых пакут; таго, што нас турбуе альбо чаго нам не хапае; дапамагае паставіць сябе на месца іншых людзей.
Малітва — гэта заўсёды подых новага жыцця, нібыта святы агонь. У часы Старога Запавету ў Ерузалемскай святыні, пра якую нам кажа Святое Пісанне, няспынным клопатам святароў і вернікаў заўсёды падтрымліваўся святы агонь. Гэты вобраз актуальны і сёння, але цяпер заданне вернікаў заключаецца ў тым, каб падтрымліваць у жыцці духоўны агонь — агонь малітвы. Ведаеце, гэта няпроста. З гэтым сутыкнуліся яшчэ апосталы Хрыста, якія, калі Збаўца прасіў іх маліцца разам з Ім, не маглі нават гадзіны чуваць у малітоўным засяроджанні (гл. Мц 26, 40).
Дарагія сябры, Хрыстус жыве! Гэта праўда, і гэта таксама назва Апостальскай адгартацыі Папы Францішка, напісанай ім у форме дыялогу з моладдзю. Мы з вамі разам разважалі над ёю і надалей маем магчымасць яе чытаць і нават слухаць як аўдыё. Аднак для дыялогу патрэбна прынамсі дзве асобы, таму вядзіце дыялог са Святым Айцом.
Прашу вас, узнясціце ў цішыні сэрца на малітве перад Панам просьбы аб здароўі нашага Папы Францішка.
Ён спадзяецца на нас. Ён просіць нас: «Маліцеся за мяне».
Божа, Пастыр і Валадар усіх Тваіх вернікаў, ласкава глянь на Твайго слугу Папу Францішка, якога Ты прызначыў найвышэйшым бачным пастырам Касцёла Твайго. Дай яму ласку здароўя, каб тым, кім ён кіруе, мог прынесці карысць вучэннем і прыкладам і каб атрымаў жыццё вечнае з даручанай яму паствай. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.