Skip to main content

Біскупы з Гродна прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях Маці Божай Будслаўскай

2021 07 03 day 0192-3 ліпеня ў Будславе адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай. Сёлета з-за пажару, які здарыўся нядаўна, базыліка была зачынена, а цудадзейны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі быў змешчаны на палявым алтары, дзе ўсе пілігрымы мелі магчымасць ушанаваць яго і прадставіць Маці Божай свае просьбы.

У галоўнай Імшы, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, удзельнічалі таксама іерархі з Гродна: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч i Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

На Эўхарыстыі прысутнічалі некалькі тысяч вернікаў з усёй Беларусі, у тым ліку з Гродзенскай дыяцэзіі, і з-за мяжы.

У гаміліі Апостальскі нунцый адзначыў, што будслаўскі санктуарый з яго цудадзейным абразом на працягу стагоддзяў штогод натхняе мноства вернікаў з усёй краіны, даючы ім новую духоўную сілу для пераадолення жыццёвых цяжкасцяў і ўсё большага набліжэння да Езуса Хрыста, Збаўцы свету і ўсіх людзей.

2021 07 03 day 028

Як дадаў прадстаўнік Папы Францішка, гэты санктуарый “стаў жыватворчай крыніцай, што наталяла смагу ўсіх пакаленняў хрысціянскага народу непрамінальнымі каштоўнасцямі: каштоўнасцямі, якія натхняюць вернікаў станавіцца жывым Евангеллем для кожнага нашага бліжняга”.

Па словах арцыбіскупа, ён, наведваючы Будслаў, асаблівым чынам моліцца за мір і згоду ў нашай краіне, каб з Божай дапамогай і праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай удалося пераадолець усе падзелы і ўсталяваць у краіне сапраўдную культуру братэрства і салідарнасці.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Віталій Палінеўскі/catholic.by