З 23 чэрвеня па 1 ліпеня праходзіць адмысловая дзевяцідзённая малітва — Навэнна да Маці Божай Будслаўскай у інтэнцыі хутчэйшай адбудовы пашкоджанага пажарам Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.
У межах малітоўнай падтрымкі дзеля аднаўлення будслаўскай святыні Камісія па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўлення Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай прапануе правесці ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якая ўключае ў сябе ўсе дыяцэзіі Беларусі, Навэнну да Маці Божай Будслаўскай.
Навэнна ў інтэнцыі хутчэйшай ліквідацыі наступстваў пажару, а таксама духоўнай падрыхтоўкі да святкавання сёлетняга агульнабеларускага фэсту ў гонар Маці Божай Будслаўскай пад дэвізам «Маці Касцёла, маліся за нас», распачынаецца 23 чэрвеня і завяршаецца 1 ліпеня.
Нацыянальны санктуарый з’яўляецца асаблівым месцам ушанавання Маці Божай Будслаўскай, якая шмат стагоддзяў заступаецца за нас перад Богам у гэтым святым, абраным Ёю месцы — звычайным беларускім мястэчку Будславе.
Шматлікія вернікі Каталіцкага Касцёла і іншых канфесій перажылі ў гэтай святыні дотык Божай міласэрнасці праз заступніцтва Багародзіцы.
Дзякуем усім дабрачынцам за ахвяраваныя сродкі на адбудову Нацыянальнага санктуарыя, аднак памятаем, што адных толькі фінансаў недастаткова. У Святым Пісанні чытаем: «Калі Пан не будуе дом, то будаўнікі працуюць дарэмна» (Пс 127 (126), 1), таму ў гэтай Навэнне будзем прасіць міласэрнага Пана, каб дапамог як мага хутчэй аднавіць нашу галоўную святыню — Яго святыню.
Падтрымаем жа гэтую пачэсную справу аднаўлення санктуарыя нашай супольнай або індывідуальнай дзевяцідзённай малітвай — навэннай да Маці Божай Будслаўскай.
З пастырскім благаслаўленнем і просьбай аб заступніцтве Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня Камісіі
Тэкст Навэнны для друку ТУТ>>>
Тэкст Навэнны на польскай мове для друку ТУТ>>>