17 чэрвеня міністранты, прынятыя нядаўна ў службу алтара парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, здзейснілі пілігрымку падзякі ў санктуарый благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка.
25 хлопцаў, якія два гады рыхтаваліся да прыняцця ў міністранты, у нядаўні час былі ўрачыста далучаны да службы алтара смаргонскай парафіі і атрымалі комжы. Аўтобусную пілігрымку ў адзін з санктуарыяў Гродзенскай дыяцэзіі хлопцы разам са сваім апекуном кс. Артурам Ляшнеўскім SDB здзейснілі ў якасці падзякі Богу за пакліканне да міністранцкага служэння.
Падчас пілігрымкі ўдзельнікі пабывалі на месцы расстрэлу сясцёр назарэтанак пад Навагрудкам. Там яны даведаліся пра трагічныя падзеі 1943 года і гераічную ахвяру бл. Марыі Стэлы і яе паплечніц у мучаніцтве. Пасля хлопцы мелі магчымасць наведаць навагрудскі касцёл св. Міхала Арханёла, дом Адама Міцкевіча і замак.
Завяршэннем пілігрымкі было наведванне навагрудскага фарнага касцёла Перамянення Пана, дзе спачываюць парэшткі благаслаўлёных сясцёр. Ля галоўнага алтара кс. Артур цэлебраваў Эўхарыстыю падзякі. У гаміліі святар звярнуў увагу на тое, што на ўзор благаслаўлёных мучаніц мы як веруючыя католікі павінны быць менш эгаістычнымі, гэта значыць засяроджанымі толькі на сваіх патрэбах і праблемах. Ён адзначыў, што хрысціянства – гэта жыццё, звернутае на бліжняга, дабро якога патрабуе часамі нават ахвяры мучаніцтва.
Пасля Імшы пілігрымы азнаёміліся з гісторыяй санктуарыя, а пасля здзейснілі візіт у кляштар назарэтанак, дзе сёстры паказалі міністрантам гістарычную выставу кляштара і майстар-клас па гатаванні камунікантаў.
Вяртаючыся дадому, пілігрымы наведалі замак Сапегаў і касцёл св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах, дзе перад абразом Маці Божай Балеснай ахвяравалі сваё жыццё Марыі.
Кс. Артур Ляшнеўскі SDB