19 чэрвеня ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвелішках (Радунскі дэканат) прайшла святая Імша ў інтэнцыі кс. каноніка Тадэвуша Качана, шматгадовага пробашча гэтай парафіі, у першую гадавіну яго смерці.
У святыні сабраліся вернікі парафіі, каб праз малітву выказаць Богу ўдзячнасць за свайго былога душпастыра, які вёў іх да Пана і ўдзяляў святыя сакрамэнты.
Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які падкрэсліў, што малітва – найцудоўнейшы дар, які мы можам ахвяраваць нашым памерлым.
У гаміліі дэкан Радунскага дэканату кс. канонік Генрык Яблонскі, які раней быў пробашчам парафіі ў Канвелішках, узгадаў пра спачылага. Святар падкрэсліў, што той быў добрым да сваіх парафіян, заўсёды адкрытым на патрэбы іншых і гатовым прыйсці з канкрэтнай дапамогай.
Пасля Імшы ўдзельнікі накіраваліся на мясцовыя могілкі, на якіх пахаваны кс. Тадэвуш, дзе біскуп Гродзенскі благаславіў помнік на яго магіле.
Ксёндз канонік Тадэвуш Качан нарадзіўся 5 жніўня 1937 г. у вёсцы Вялікае Барава ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці ў каталіцкай сям’і. Быў ахрышчаны 15 жніўня 1937 г. у парафіяльным касцёле ў Дудах.
Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў біскуп Валентый Войцік у сандамірскай катэдры 6 чэрвеня 1981 г. Пасля пасвячэння служыў у шпіталі ў Радаме, быў вікарыем у Петрыкозах i Шыдловічах у Польшчы.
У маі 1990 г. прыбыў у Беларусь, у родныя мясціны. Спачатку дапамагаў у працы пробашчу ў Іўі, потым быў пробашчам у Нецечы, Беліцы, Мінойтах (Лідскі дэканат) i Трабах (Іўеўскі дэканат). У 2004–2018 гг. быў пробашчам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвелішках. У апошні час жыў у Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат), дзе 19 чэрвеня 2020 г. адышоў у вечнасць.
Aўтабіяграфія кс. каноніка Тадэвуша Качана