13 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл) адбылася прыміцыйная Імша а. Віктара Марыі Мялешкі OFM Conv.
На Імшы сабраліся шматлікія вернікі, а таксама родныя законніка, каб на парозе яго святарскага служэння атачыць яго сваімі малітвамі.
Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў былы пробашч парафіі а. Юзаф Макарчык OFM Conv, які зараз служыць у Літве.
На заканчэнне Імшы а. Віктар падзякаваў усім, хто спадарожнічаў яму сваёй малітвай на шляху да Хрыстовага алтара, і ўдзяліў прыміцыйнае благаслаўленне.
Сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату а. Віктар прыняў разам з іншымі братамі францішканскай правінцыі Маці Божай Беззаганнай 29 мая ў санктуарыі святога Антонія Падуанскага ў Лодзі-Лагеўніках (Польшча).
Айцец Віктар Марыя Мялешка OFM Conv нарадзіўся ў Гродне, паходзіць з францішканскай парафіі Маці Божай Анёльскай. Скончыўшы сярэднюю школу, распачаў фармацыю ў Ордэне Братоў Меншых Канвентуальных, дзе праз дзевяць гадоў прыняў пасвячэнне.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі