Кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Матэа Бруні апублікаваў заяву па Беларусі. Яна стала адказам на шматлікія запыты журналістаў.
“Святы Пасад працягвае ўважліва сачыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі і крокамі, якія робяцца рознымі зацікаўленымі суб'ектамі, захоўваючы прыхільнасць да дасягнення дэмакратычных і мірных шляхоў рэалізацыі законных патрабаванняў беларускага народа", - гаворыцца ў афіцыйнай заяве.
Нагадаем, што 16 жніўня 2020 г., падчас нядзельнай сустрэчы з вернікамі Пантыфік асабіста спаслаўся на тое, што адбывалася ў тыя дні ў Беларусі. “Мае думкі кірую да дарагой Беларусі. З вялікай увагай сачу за сітуацыяй, якая склалася пасля выбараў у краіне. Заклікаю да дыялогу, спынення гвалту, паважання справядлівасці і права. Давяраю ўсіх беларусаў апецы Багародзіцы, Каралевы супакою”, - сказаў тады Францішак.