У нядзелю Спаслання Духа Святога ў парафіі св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) адбылася ўрачыстасць Першай Камуніі.
Сямнаццаць дзяцей старанна рыхтаваліся да гэтай падзеі праз урокі рэлігіі, удзел у святых Імшах, сакрамэнт пакаяння напярэдадні ўрачыстасці.
У прыгожых белых адзеннях у нядзельную раніцу ў суправаджэнні мамаў і татаў, а таксама хросных бацькоў, дзеці з радасцю прыйшлі ў касцёл.
Перад уваходам мамы і таты благаславілі сваіх дзяцей, а пасля пробашч парафіі кс. Аляксандр Лебядзевіч запрасіў усіх у святыню.
Падчас Імшы маленькія вернікі з нецярпеннем чакалі сустрэчы з Езусам. Шчырыя словы падзякі за першае прыняцце Езуса Хрыста ў свае сэрцы дзеці выказалі пробашчу, а таксама бацькам і хросным. “Вы маё святло на зямлі... Каб убачылі людзі справы добрыя ў вас і хвалілі Бога, што ў небе ёсць”, – гучалі словы песні, якой маленькія сэрцы праслаўлялі Езуса.
Зараз дзеці перажываюць Белы тыдзень, як называецца тыдзень пасля Першай Камуніі, падчас якога яны кожны вечар сустракаюцца з Богам і Панам свайго жыцця ў Эўхарыстыі.
Людміла Пясецкая