25 мая ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася сустрэча духавенства Гродзенскай дыяцэзіі.
Падчас сустрэчы святары, сёстры законныя і свецкія катэхеты супольна дзякавалі Пану Богу за 30 гадоў існавання дыяцэзіі і служэння яе першага біскупа Аляксандра Кашкевіча i 45 гадоў з часу яго прэзбітэрскага пасвячэння.
У праграме былі канферэнцыя на тэму ўдзячнасці, з якой выступіў духоўны айцец святароў Гродзенскай дыяцэзіі а. доктар Андрэй Шчупал CSsR, і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Цэнтральнай падзеяй дня была Імша падзякі, якую цэлебраваў на палявым алтары біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На пачатку літургіі іерарх адзначыў, што прыбывае ў гэты санктуарый з патрэбы сэрца, каб дзякаваць Пану Богу – праз Марыю і разам з Ёю – за дар жыцця, за ўсе атрыманыя ласкі, а асаблівым чынам за трыццаць гадоў біскупскага і сорак пяць святарскага служэння.
Біскуп падкрэсліў, што ўзорам для яго ў вырашальныя моманты жыцця заўсёды была Панна Марыя. “Ад Марыі я вучыўся – і працягваю вучыцца – паслухмянасці Божай волі, згоды на тое, каб заўсёды яе выконваць, нават тады, калі з чалавечага пункту гледжання гэта здаецца цяжкім”, – сказаў іерарх, дадаўшы, што Марыя ёсць і назаўсёды застанецца для яго Правадніцай і Суцяшальніцай, Заступніцай і Апякункай.
Падчас Эўхарыстыі шаноўны юбіляр дзякаваў Пану за пражытыя гады ў служэнні Яму, за ўсіх сустрэтых людзей, за кожны ўдзелены сакрамэнт, за ўсё дабро, якое Бог учыніў, выкарыстоўваючы яго як прыладу сваёй ласкі.
Таксама ён дзякаваў за ўсіх святароў, асобаў кансэкраванага жыцця, свецкіх вернікаў, усіх дыяцэзіян, якіх Пан даручыў яго пастырскай апецы.
У малітве біскуп прасіў Пана весці ўсіх, як адзіную сям’ю Касцёла на Гродзеншчыне, дарогамі веры і Божай любові да нябеснай айчыны.
Гамілію прамовіў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх падкрэсліў, што 30 гадоў з часу заснавання дыяцэзіі і прыняцця сакры яе першага пастыра – нагода да вялікай падзякі Пану Богу і людзям.
Дапаможны біскуп дыяцэзіі заклікаў да салідарнасці і супрацоўніцтва ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, і пошуку ўсё новых душпастырскіх рашэнняў, да чаго заахвочваюць вернікаў Папа Францішак у паслясінадальнай адгартацыі “Christus vivit” (“Хрыстус жыве”) і біскуп Аляксандр, выступаючы з ініцыятывай І дыяцэзіяльнага Сіноду.
На заканчэнне Імшы з віншаваннямі да біскупа Гродзенскага звярнуўся дэкан Лідскага дэканату кс. Андрэй Роўба CRL. Ад імя ўсіх, хто ўтварае дыяцэзію, святар выказаў словы падтрымкі і запэўнівання ў малітве за свайго пастыра.
Перш чым удзяліць благаслаўленне, біскуп Кашкевіч падзякаваў усім прысутным за прыбыццё, падкрэсліўшы, што вельмі рады магчымасці перажыць цудоўны і важны для яго дзень святкавання гадавіны прэзбітэрскага і біскупскага пасвячэнняў у гэтым прыгожым, дарагім яго сэрцу марыйным санктуарыі.
Карыстаючыся нагодай, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў за дар малітвы ў яго інтэнцыі, і не толькі ў гэты дзень, але і на працягу ўсяго яго служэння.
“Няхай Бог аддзячыць вам усім за малітву – цудоўны дар. Няхай аддзячыць за вашы адкрытыя, добрыя, чулыя сэрцы”, – сказаў іерарх, дадаючы, што і на далейшы час даручае сябе малітвам, каб як мага лепш і як мага больш плённа служыць Касцёлу на Гродзеншчыне.
Сустрэча ў санктуарыі, які ў апошні час аднаўляецца і становіцца ўсё прыгажэйшым, завяршылася супольным абедам, на які запрасіў усіх кусташ святыні кс. доктар Юрый Бяганскі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: с. Ірына Барцэвіч FMA