20 мая ў базыліцы Божага Цела ў Кракаве (Польшча) дыякан Віктар Рушлевіч з Ордэну рэгулярных латэранскіх канонікаў прыняў пасвячэнне ў ступені прэзбітэрату.
Новапрэзбітэр паходзіць з парафіі Перамянення Пана ў Вавёрцы (Лідскі дэканат).
Пасвячэнне ўдзяліў дваім дыяканам падчас святой Імшы Мітрапаліт Кракаўскі арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі між іншым правінцыял рэгулярных латэранскіх канонікаў кс. Дарыюш Качынскі CRL, іншыя святары і госці.
Для Ордэну рэгулярных латэранскіх канонікаў гэта быў асабліва радасны дзень, бо пасвячэнне з’яўляецца вялікім дарам для Касцёла.
Ордэн, да якога належыць ксёндз Рушлевіч, засноўвае сваю духоўнасць на Рэгуле св. Аўгустына. Ён практыкуе евангельскія цноты паслухмянасці, чыстасці і супольнага жыцця без уласнасці, не прывязвае сваю душпастырскую дзейнасць да нейкай канкрэтнай сферы, а адкрыты на любую форму працы ў Касцёле.
Дэвіз ордэну, у якім заключаецца яго місія, – словы з Дзеяў Апосталаў: мець “адно сэрца і адзін дух”, як у манаскім жыцці ў кляштарах, так і ў душпастырскім служэнні Касцёлу.
У Беларусі рэгулярныя латэранскія канонікі служаць ужо шмат гадоў на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі – у Вавёрцы, адкуль паходзіць новапрэзбітэр Віктар Рушлевіч CRL. Зараз там служыць адзін святар, які таксама паходзіць з гэтай парафіі, – кс. Андрэй Роўба CRL, дэкан Лідскага дэканату.
Кс. Юрый Марціновіч