22 мая пробашч парафіі Святога Духа ў Гродне ксёндз канонік Павел Салабуда ўдзяліў сакрамэнт Эўхарыстыі дзецям, якія рыхтаваліся да ўрачыстасці на працягу двух гадоў.
Памаліцца за дзяцей прыйшлі іх бацькі і блізкія, якія падзякавалі Богу за іх і за ўдзеленыя ім сакрамэнты пакаяння і Эўхарыстыі. У сваю чаргу маленькія вернікі выказалі словы падзякі сёстрам законным і святарам, якія дапамагалі ім і былі разам з імі ў гэты перыяд жыцця. Вернікі парафіі спадзяюцца, што на гэтым шлях дзяцей да Бога не спыніцца, а сувязь з Ім будзе толькі мацнець.
“Езус так моцна вас любіць, што запрасіў сёння сюды. Ён так моцна вас любіць, што прыйшоў у ваша жыццё, і сёння вы забярэце Яго з сабой. Гэта неверагодна”, – сказаў пробашч маленькім вернікам у гаміліі.
З наступнага дня ў дзяцей пачынаецца Белы тыдзень, як называецца тыдзень пасля Першай Камуніі. Гэта час, калі маленькія парафіяне будуць дзякаваць Богу за атрыманыя дары і ласкі. Благаславіць іх на далейшы шлях прыедзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў гэты дзень удзеліць сакрамэнт канфірмацыі моладзі і старэйшым парафіянам.
Святую Імшу ўпрыгожваў спевам моладзевы парафіяльны гурт “Bonum”, які грае на Эўхарыстыі кожную нядзелю. Тыя, хто лічыць сябе моладдзю і хоча праслаўляць Бога спевамі ў касцёле, могуць звярнуцца да святара ў сакрыстыю.
Усім дзецям, якія ў месяцы маі, прысвечаным Найсвяцейшай Панне Марыі, прымаюць Цела Езуса Хрыста, парафіяне жадаюць трываць у веры ўсё жыццё і не сыходзіць з гэтага шляху да неба, бо чалавек з Богам – гэта шчаслівы чалавек.
Наталля Лазоўская