Пра тое, што Kасцёл не можа заставацца нерухомым, а пакліканы пры ўдзеле кожнай ахрышчанай асобы дзейнічаць як пілігрымуючая супольнасць, якую ажыўляе і падтрымлівае святло і моц Духа Святога, што ўсё чыніць новым, казаў біскуп Аляксандр Кашкевіч у Гудагаі (Астравецкі дэканат).
16 мая біскуп Гродзенскі наведаў парафію Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе цэлебраваў святую Імшу, падчас якой група вернікаў прыняла сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
У гаміліі іерарх адзначыў, што ў ажыўленні Касцёла павінен удзельнічаць кожны ахрышчаны, бо чалавек, напоўнены дарамі Духа Святога, можа адказваць на ўсе выклікі, якія перад ім ставіць свет.
Тым, якія прынялі сакрамэнт канфірмацыі, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў, каб Дух Святы ўчыніў кожнага з іх “мацнейшым у веры, больш адкрытым на праўду і дабро, здольным супраціўляцца злу і фальшу, якія, на жаль, заўсёды атакуюць вучняў Хрыста”.
Іерарх пажадаў маладым людзям заўсёды быць блізка да Хрыста на шляху Евангелля, Божых загадаў, любові і прабачэння, служэння Богу і бліжняму.
“З дапамогай Духа Святога ідзіце адважна гэтай дарогай за Уваскрослым Хрыстом, нашым Панам і Збаўцам, a таксама дазвольце сябе весці Суцяшыцелю, каб прыняць Божае слова і даваць аб ім сведчанне нашым жыццём. I трэба зрабіць гэта не заўтра, а сёння, бо там, дзе ваш скарб, будзе таксама ваша сэрца”, – сказаў біскуп.
На заканчэнне ўрачыстасці вернікі на чале з пробашчам парафіі а. Аркадзем Куляхам OCD падзякавалі іерарху за ўдзяленне сакрамэнту і выказалі яму віншаванні з нагоды блізкай 30-й гадавіны біскупскага пасвячэння.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Алеся Гурштыновіч