Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі!
11 мая ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, адбыўся пажар, у выніку якога быў моцна пашкоджаны будынак галоўнай марыйнай святыні нашай Айчыны.
На вестку пра гэтую трагедыю адразу адгукнуліся людзі розных рэлігій і нацыянальнасцяў як з Беларусі, так і з-за мяжы, працягнуўшы руку дапамогі беларускім католікам.
Ужо цяпер скіроўваем словы шчырай удзячнасці да прыватных дабрачынцаў і арганізацый за ўнёсак у нашу супольную справу — адбудову нацыянальнага санктуарыя.
Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, заклікаем усіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў нядзелю Спаслання Духа Святога, 23 мая, з асаблівай руплівасцю маліцца ў інтэнцыі адбудовы будслаўскага касцёла і далучыцца да матэрыяльнай дапамогі праз складанне ахвяраванняў, збор якіх будзе праводзіцца пасля святых Імшаў у кожнай парафіі нашай краіны.
Няхай заступніцтва Маці Божай спрыяе нам у як найхутчэйшым аднаўленні Яе святыні, а ўсім людзям добрай волі, якіх яднае гэтая высакародная мэта, выпрасіць благаслаўленне Божага Сына.
З удзячнасцю і благаслаўленнем,
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Мінск, 13 мая 2021 года, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана.
P.S. Шаноўных святароў просім прачытаць гэты зварот падчас парафіяльных аб’яваў на кожнай святой Імшы ў нядзелі 16 і 23 мая 2021 года, а таксама арганізаваць збор ахвяраванняў пасля святых Імшаў пры дапамозе вернікаў.
Сабраныя пры парафіях ахвяраванні могуць быць пералічаны на дабрачынны разліковы рахунак парафіі ў Будславе альбо перададзены ў Курыю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Дабрачынны разліковы рахунак:
Религиозная община
«Римско-католический приход Успения Пресвятой Девы Марии»
аг. Будслав Мядельского района
222374 Минская обл.,
Мядельский р-н, аг. Будслав,
ул. Красная площадь, 8
BY10BAPB31353404200300000000 (BYN)
ОАО «Белаграпромбанк» г.Минск
Код банка: BAPBBY2X УНП 600195666