8 мая ў Ляцку (Шчучынскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар апекуна парафіі святога Станіслава, біскупа і мучаніка.
У гэты дзень вернікаў парафіі наведалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, шматлікія святары і госці.
Іерарх узначаліў у прыгожай старадаўняй святыні Імшу, якую цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, асабліва молячыся за дзяцей, якія ў гэтым годзе ўпершыню прынялі ў свае сэрцы Пана Езуса ў святой Камуніі.
У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай курыі кс. Юрый Марціновіч падкрэсліў, што святы Станіслаў з’яўляецца для ўсіх узорам хрысціяніна, пастыра, якому вера не дазволіла абыякава глядзець на свет, спрыяць злу, якое пашыралася сярод людзей, што былі вакол яго.
“Трэба, каб мы як сыны і дочкі гэтай зямлі, на якой Пан нас паставіў, адчувалі сябе адказнымі за працяг гэтага ланцугу святасці і перадалі яго наступным пакаленням як самы каштоўны скарб”, – дадаў святар.
На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што Кракаўскі біскуп са Шчэпанава, які прыняў мучаніцкую смерць, да канца будучы верным, адданым і непахісным, абавязвае нас да таго, каб таксама кожны дзень узрастаць у святасці.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў вернікаў і сёння будаваць дом уласнага жыцця, абапіраючыся на скалу Божай ласкі, не шкадуючы высілкаў, каб яго трываласць засноўвалася на вернасці Богу і Яго запаведзям.
Адпустовая ўрачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні, пасля чаго пробашч парафіі кс. Уладзімір Аксенцьеў выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто прыбыў на свята.
Пробашч адзначыў, што ляцкая парафія не вельмі вялікая, але на яе тэрыторыі жывуць людзі, якія маюць вялікія сэрцы. Таму ад імя ўсіх гэтых удзячных сэрцаў святар падзякаваў удзельнікам урачыстасці за тое, што захацелі падзяліць з імі радасць гэтага дня.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі