22 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка).
Падчас Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці 35 маладым вернікам.
Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі маладых людзей, якія ў гэты дзень прымалі дары Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, просячы аб глыбокай веры для іх.
У гаміліі іерарх падкрэсліў, што дзякуючы Святому Духу, які з’яўляецца душой Касцёла, Касцёл жыве, развіваецца, абвяшчае Евангелле, здзяйсняе ўчынкі міласэрнасці і шмат іншых добрых справаў.
“Кожны з нас, якія належым да Касцёла, мае ў гэтым свой удзел менавіта дзякуючы Духу Святому”, – дадаў біскуп.
Іерарх адзначыў, што Дух Святы, якога прымае ў гэты дзень моладзь у канфірмацыі і які калісьці сышоў на апосталаў у вячэрніку, робіць чалавека здольным быць вучнем Хрыста Пана, але неабходна выканаць адну ўмову – адкрыць сваё сэрца на дзеянне Божай ласкі.
Таму пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў моладзь заўсёды быць побач з Езусам, спаўняць Божыя запаведзі, а таксама быць здольнымі любіць, прабачаць і служыць Богу і бліжнім.
“З дапамогай Духа Святога ідзіце адважна гэтай дарогай за Уваскрослым Хрыстом, нашым Панам і Збаўцам”, – дадаў іерарх.
На заканчэнне Эўхарыстыі прадстаўнікі моладзі выказалі біскупу ўдзячнасць за ўдзяленне ім сакрамэнту. Таксама яны падзякавалі сваім душпастырам на чале з пробашчам парафіі а. Дзмітрыем Лабковым CSsR і катэхетам, якія рыхтавалі да гэтай важнай у іх жыцці падзеі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Галіна Валюшка