Skip to main content

Aллелюя! Пан уваскрос! Віншаванні ад рэдакцыі

zmartchwywstanieДарагія чытачы, у чарговы раз пасля саракадзённага перыяду велікапоснага пакаяння мы чуем радаснае “Аллелюя”! Праўда, сёлетняя радасць зноў крыху адрозніваецца ад той, якая ў нас была ў мінулыя гады. Увесь свет вядзе барацьбу з пандэміяй каранавірусу, якая закранула ў тым ліку і нашу краіну.

Многія з вас сумуюць па розных сустрэчах, якія заўсёды арганізоўваліся на дыяцэзіяльным узроўні. Праз некалькі дзён будзе адзначацца таксама 30-я гадавіна заснавання нашай дыяцэзіі, якую, на жаль, мы не зможам святкаваць найбольш урачыстым і ўзнёслым чынам. Верагодна, усё пройдзе сціпла, але з любоўю да Пана і на хвалу Яму.

Вясной і на пачатку лета традыцыйна праходзілі сустрэчы моладзі і дзяцей, якія, напэўна, сёлета зноў не адбудуцца і якія мы будзем перажываць толькі ў сваіх успамінах з мінулых гадоў, марачы пра часы больш спакойныя і бяспечныя, каб зноў сустрэцца разам.

Але, нягледзячы на гэты страх і няўпэўненасць, якія ахапілі шмат людзей, перад намі зноў паўстае Хрыстус Пан, які выходзіць з магілы як Пераможца смерці, пекла і шатана.

Уваскрослы зноў прыносіць нам надзею. Ён дае нам сілы, каб мы маглі служыць нашым сёстрам і братам.

Гэтая сіла патрэбная ўсім нам, каб мы перад абліччам няўпэўненасці і пагрозы захавалі цярплівасць і былі людзьмі надзеі. Каб мы не распальвалі страх і паніку, а вылучаліся адказнасцю за сябе і нашых бліжніх.

Дарагія чытачы!

Дзякуючы вам за тое, што вы заўсёды з намі, што сочыце за падзеямі ў нашым мясцовым Касцёле, у краіне і свеце, ад усяго сэрца жадаю выказаць вам віншаванні.

На гэты, нягледзячы на ўсё, радасны час, напоўнены спевам велікоднага “Aллелюя”, aд імя супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі прашу прыняць самыя сардэчныя віншаванні.

Няхай Уваскрослы Хрыстус адорвае нас усіх супакоем і любоўю, а полымя пасхальнай свечкі няхай асвятляе нашыя дарогі і напаўняе сваёй цеплынёй.

Вясёлых святаў Уваскрасення Пана! Аллелюя!

З дарам малітвы,

кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі