2 красавіка, у Вялікую пятніцу, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Паўднёвы) набажэнства Мукі Пана
Набажэнства складалася з літургіі слова, адарацыі Крыжа, святой Камуніі, а таксама перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Гроб Пана.
На пачатку ў цішыні біскуп перад алтаром лёг крыжам на падлогу, што сімвалізуе Хрыстовую ахвяру. Вернікі ў гэты час дзякавалі за дар адкуплення, за тое, што Бог ніколі не пакідае і жадае збаўлення ўсіх, і за ласку прабывання з Хрыстом, пачатак якой паклаў у іх святы хрост.
Таксама прагучала апісанне Мукі Пана, перададзенае святым Янам, які сведчыць пра тое, што бачыў на Галгоце. Для яго Укрыжаваны з’яўляецца Валадаром, вечным Сынам Божым, Святлом, якое асвятляе кожнага. Ян Евангеліст быццам адкрыў Божае Сэрца, якое хоча не судзіць людзей, а збавіць.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што незвычайная цішыня Вялікай пятніцы павінна схіліць усіх да роздуму, дапамагчы ўсвядоміць, наколькі вялікую і страшную таямніцу веры мы перажываем у гэты дзень.
“Сёння, калі ў глыбокай і поўнай значэння цішыні мы стаім пад крыжам на Галгоце, калі глядзім на Хрыста, які церпіць і памірае ў незвычайных пакутах, бачым вобраз, які ілюструе гэты найважнейшы догмат веры: Бог любіць свет, любіць чалавека, любіць кожнага з нас”, – сказаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што любоў Хрыста перамяняе свет і чалавека, які на яе адкрываецца.
“Пан Езус бярэ на сябе зло ўсяго свету, увесь праклён граху, каб нас ад яго вызваліць, паяднаць з Богам і ўчыніць зноў Яго дзецьмі”, – адзначыў біскуп, падкрэсліўшы, што ўсе мы, кім бы ні былі, дзе б ні жылі і што б ні рабілі, чакаем выратавання.
“Гэтае выратаванне прымае розныя постаці: выратаванне ад граху, ад залежнасці, ад хваробы, ад каранавірусу, ад голаду, ад вайны, ад злосці іншых людзей, ад насілля ва ўласнай сям’і, ад таго, каб быць недаацэненым, ігнараваным, расчараваным, абгавораным, несправядліва асуджаным…” – працягваў біскуп Кашкевіч.
Па словах іерарха, пад крыжам мы адчуваем, што не самотныя, і ў нас ёсць упэўненасць, што кожную нашу пакуту Сын Божы ўзяў на сябе. Біскуп дадаў, што на дрэве крыжа зло назаўсёды было пераможана, там аб’явілася сапраўдная моц – моц любові, якая збаўляе, моц Бога, які дае жыццё, моц Сына Божага, які за нас памёр і ўваскрос.
Усе прысутныя, укленчыўшы, ушанавалі Крыж, а затым прынялі святую Камунію. На заканчэнне набажэнства Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў Гроб Пана. Да распачацця літургіі Пасхальнай вігіліі вернікі будуць адараваць Хрыста, разважаючы пра Яго Муку.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Уладзіслаў Андрыйчук