Skip to main content

Біскуп Станеўскі на Імшы Вячэры Пана ў гродзенскай катэдры: любоў Бога збліжаецца да чалавека

katedra weczera pana 61 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша Вячэры Пана, якая распачала Пасхальны Трыдуум. Вернікі сабраліся ў катэдры, каб падзякаваць за сакрамэнты пасвячэння і Эўхарыстыі, устаноўленыя Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер.

Літургію цэлебраваў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

У гаміліі біскуп зазначыў, што кожны год, удзельнічаючы ў Імшы Вячэры Пана, мы адкрываем заслону таго, што здзейснілася ў вячэрніку, – памяць пра ўстанаўленне Эўхарыстыі і святарства.

Таксама іерарх нагадаў, што праз некалькі дзён будзе адзначацца 30-годдзе з часу заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і прызначэння яе першага біскупа Аляксандра Кашкевіча.

Біскуп Станеўскі падкрэсліў, што ў гэтай святыні, якая стала катэдрай новай дыяцэзіі, было пасвячана шмат святароў, якія з вялікай адданасцю служаць у нашым мясцовым Касцёле, а з боку вернікаў заўсёды маюць патрэбу ў падтрымцы і малітве.

Па словах іерарха, Імша Вячэры Пана – напамін пра любоў, якою Езус палюбіў людзей ажно да смерці. Як дадаў ён, любоў Бога збліжаецца да чалавека, каб пераканаць яго, што яна здольная прынесці сябе ў ахвяру, каб чалавек меў жыццё.

Дапаможны біскуп дыяцэзіі адзначыў, што любоў Хрыста бязмежная, міласэрная. “У вячэрніку і пасля свайго ўваскрасення Хрыстус прыходзіць да ўстрывожаных і спалоханых вучняў, каб у чарговы раз прапанаваць ім сваю любоў і прабачэнне, вітаючы іх словамі: “Супакой вам”. Як жа прагне гэтага сучасны свет, гарантыі – супакою і згоды, разумення і прабачэння, бо мы ведаем, што нясе з сабой непакой і здрада, асабліва жудаснасць вайны”, – заўважыў біскуп.

Падчас гімна “Хвала на вышынях Богу” загучалі ўсе званы касцёла, а пасля іх гукі замяніў стук драўляных ляскотак.

На заканчэнне Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў так званую цямніцу, што нагадвае пра арышт Езуса ў Гетсэманскім садзе і Яго прабыванне ў вязніцы.

Kс. Юрый Марціновіч