Skip to main content

Біскуп Кашкевіч у Пальмовую нядзелю ў гродзенскай катэдры: адкрыем і ўсвядомім таямніцу бязмернасці Божай любові

palmowa katedra 3928 сакавікa, у нядзелю Мукі Пана, або Пальмовую нядзелю, якая распачынае Вялікі тыдзень, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

У гэты дзень у святыні чыталася апісанне Мукі Пана, пасля чаго іерарх звярнуўся да вернікаў з гаміліяй.

Біскуп адзначыў важнасць Пальмовай нядзелі, якая нагадвае пра ўезд Езуса ў Ерузалем, каб там памерці і ўваскрэснуць, а таксама распачынае святкаванне пасхальнай таямніцы.

Па словах іерарха, Сын Божы – Збаўца, пасланы Богам Айцом з вялікай любові да кожнага чалавека.

palmowa katedra 33

“Ён прыйшоў, каб людзей, закранутых грахом, узнімаць сілай свайго прабачэння і міласэрнасці, каб асвяціць сваёй ласкай і прывесці да вечнага збаўлення”, – дадаў біскуп.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Езус не носіць залатой кароны, не трымае ў руках скіпетра і не сядзіць на высокім троне; на Яго галаве карона з церня, Яго трон – крыж, а з Яго прабітага боку выцякае кроў, якая абмывае нашы правіны і адкрывае шлях да нашай нябеснай айчыны.

“Менавіта такога Караля – міласэрнага, спачуваючага, любячага кожнага з нас бязмежнай любоўю – мы жадаем сёння прывітаць”, – сказаў іерарх.

Біскуп заахвоціў прысутных у святыні вернікаў, а таксама тых, хто яднаецца з імі духоўна праз інтэрнэт, ахвяраваць Езусу ўсё, з чаго складаецца наша жыццё.

“Усё, што сустракаецца нам на шляху, мае свой сэнс, усё служыць нашаму збаўленню”, – дадаў ён.

Іерарх заклікаў перажыць Вялікі тыдзень, які распачынаецца ў Пальмовую нядзелю, годным і належным чынам.

“Няхай гэты час дапаможа нам нанава адкрыць і перажыць таямніцу бязмернасці Божай любові. Каб у гэтыя дні мы асабіста сустрэліся з Хрыстом, які за нас памёр і ўваскрос”, – падсумаваў пастыр дыяцэзіі.

Таксама біскуп благаславіў пальмовыя галінкі, якія вернікі па традыцыі прынеслі ў святыню на памяць пра ўваход Езуса ў Ерузалем.

Кс. Юрый Марціновіч