З 22 па 24 сакавіка ў парафіі святога Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат) адбыліся велікапосныя рэкалекцыі.
Як паведамляе парафіяльны сайт, духоўныя практыкаванні правёў ксёндз Дзмітрый Леўчык, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах, касцёл якой называюць беларускім Нотр-Дамам.
У першы дзень рэкалекцый святар закрануў пытанні, чым для нас з’яўляецца пост i што такое грэх. Ён заахвоціў, каб кожны чалавек у час Вялікага посту меў магчымасць паразважаць і задумацца над сваёй дарогай да Бога.
У другі дзень рэкалекцыяніст прапанаваў вернікам падумаць пра тое, што такое радасць i ці з’яўляецца кожны з нас чалавекам радасным.
“Часцей за ўсё кожны з нас лічыць, што радасць – гэта весялосць. Аднак усе мы хрысціяне і павінны ведаць, што існуе такое паняцце, як хрысціянская радасць. Спакой у душы, цярплівасць – вось сапраўдная хрысціянская радасць”, – патлумачыў святар.
У трэці дзень пробашч гервяцкай парафіі разважаў на тэму выпрабаванняў і цяжкасцяў у жыцці кожнага чалавека. Як падкрэсліў ён, перыяд Вялікага посту – час, калі Пан Бог нагадвае нам, што дабро і любоў мацнейшыя за зло.
Пробашч парафіі кс. Віктар Захарэўскi і вернікі ўдзячныя ксяндзу Дзмітрыю за тое, што ён падзяліўся з імі сваім жыццёвым досведам, Божым словам і разважаннямі, а таксама ўдзячныя святарам Астравецкага дэканату за ўдзяленне сакрамэнту пакаяння.