Skip to main content

Гарадская акцыя памяці

ft galТрэцяга верасня святары Гродзенскай дыяцэзіі прынялі ўдзел ў гарадской акцыі ў памяць па дзецях, якія загінулі на дарогах Гродзеншчыны.

Падчас акцыі, арганізаванай супрацоўнікамі гродзенскай ДАІ, школьнікі стварылі жывы калідор па вуліцы Горкага. У руках яны трымалі свечкі і плакаты, на якіх былі пазначаны імёны і ўзрост загінуўшых дзяцей. Такіх плакатаў было 52: столькі дзетак загінула за апошнія 5 гадоў на дарогах Гродзеншчыны. Самай малой дзяўчынцы было ўсяго 25 дзён.
Увесь транспарт, які праязджаў уздоўж жывога калідора, асвячалі каталіцкія і праваслаўныя святары. Ад Гродзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі асвячалі машыны і маліліся за дзяцей і бяспеку на дарогах вікарый катэдральнага касцёла, кс. Віталь Внароўскі і кс. Юры Ёдзік.

Напрыканцы акцыі школьнікі адпусцілі ў неба белыя шарыкі як сімвалы дзяцей, якія загінулі на дарогах па віне ці недаглядзе дарослых.

Такая акцыя праводзілася ў Гродне ўпершыню. Два гады таму першы раз такую акцыю правялі супрацоўнікі ДАІ ў Лідзе. Сёлета акцыі памяці па дзецях, якія загінулі на дарогах Гродзеншчыны, праводзіліся ў Гродне, Лідзе, Слоніме і Смаргоні.