20 сакавіка ў салезіянскай парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні адбыўся першы ў гісторыі Беларусі дзень салезіянскай духоўнасці. На сустрэчу прыбылі святары салезіяне, сёстры салезіянкі, прадстаўнікі салезіянаў супрацоўнікаў і аніматараў з усёй краіны.
Цэлебрацыю святой Імшы, якою распачалася сустрэча, узначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.
У гаміліі, як паведамляецца на сайце sdb.by , рэгіянальны настаяцель, разважаючы над зместам евангельскага ўрыўку, асаблівую ўвагу звярнуў на асобу фарысея Нікадэма.
„Нікадэм пэўным чынам уяўляе сабой інтэлектуальны бок нашай веры. Аспрэчваючы „законныя“ сцвярджэнні фарысеяў, ён выкрывае іх крывадушнасць у захаванні закона, – адзначыў ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. – Сённяшні ўрывак Евангелля заахвочвае нас клапаціцца пра два асноўныя аспекты нашай веры: мы павінны шукаць асабістай сустрэчы з Езусам і адначасова клапаціцца пра пазнанне праўдаў веры, якія таксама вядуць нас да Бога”.
Для салезіянскай сям’і, як сцвердзіў рэгіянальны настаяцель, вялікае значэнне мае стварэнне агульнай базы для слушнага разумення салезіянскай харызмы і духоўнасці.
„Нам патрэбны своеасаблівы салезіянскі Нікадэм – пэўны інтэлектуальны элемент, які будзе актуалізаваць і дапасоўваць салезіянскую харызму і духоўнасць да беларускай рэчаіснасці”, – патлумачыў святар.
Падчас сустрэчы сабраныя разважалі над дэвізам салезіянскай сям’і на 2021 год „Натхнёныя надзеяй”, які па традыцыі абірае Генеральны настаяцель салезіянскага таварыства ксёндз Анхэль Фэрнандэс Арцімэ SDB.
Пад кіраўніцтвам мадэратараў сустрэчы ксяндза Паўла Шчарбіцкага SDB і сястры Юліі Клявец FMA прысутныя разважалі над заданнямі, якія ставіць перад салезіянамі гэты год, і пра спосабы іх рэалізацыі.
Таксама былі выпрацаваны канкрэтныя крокі па ажыццяўленні салезіянскай харызмы ва ўмовах пандэміі.
Ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB у сваім заключным слове ўказаў на важнасць такой ініцыятывы, як дзень салезіянскай духоўнасці, які стане штогадовай магчымасцю супольна актуалізоўваць задачы салезіянскай сям’і.