Паводле біблейскіх паданняў, Пальмовая нядзеля – гэта дзень уезду Хрыста ў Ерузалем. Народ вітаў Езуса, дарогу перад Ім высцілалі галінамі вечназялёнай пальмы. Адсюль і назва свята.
У нашай традыцыі велікодныя пальмы рыхтуюцца з галінак вярбы, што таксама сімвалізуе жыццё, жыццёвыя сілы і прыроду, якая абуджаецца да жыцця.
Пальмовая нядзеля для католікаў – адна з найважнейшых урачыстасцяў, якая адкрывае выключны час Вялікага тыдня. Вярбу загадзя рыхтуюць і ўпрыгожваюць.
Як зрабіць?
Яе можна зрабіць самастойна разам са сваімі дзецьмі. Сёння ў крамах можна знайсці шмат розных нарыхтовак для вырабу дэкарацый. Можна таксама выкарыстоўваць усё, што знаходзіцца пад рукой.
Самай лепшай лічыцца вярба з чырвонай карой, дубчыкі яе павінны быць прамымі, моцнымі, гнуткімі.
Звычайна для вярбы бяруць тры галінкі, якія звязваюць ніткай або дротам. Іх даўжыня павінна быць аднолькавая (калі не, можна адсячы кавалкі секатарам і падраўняць).
Потым можна ўзяць па жаданні галінкі туі, мірту, эўкаліпту, ядлоўцу, самшыту ці рускусу і прывязаць да вярбы па ўсёй даўжыні, але пакінуць кавалачак, каб было зручней трымаць.
Кветкі можна выкарыстоўваць як жывыя або засушаны гербарый, так і папяровыя (з гафрыраванай паперы) або пластыкавыя, а таксама зрабіць з тканіны (можна з атласных стужак). Іх памер павінен быць, пажадана, невялікім, але ўсё залежыць ад памеру вярбы. Кветкі можна прычапіць таксама ніткай ці дротам або прывязаць каляровай стужкай.
Рознакаляровыя банцікі, стужачкі, бліскаўкі, матылі будуць дадаткова ўпрыгожваць вярбу.
Могуць прысутнічаць элементы самых розных колераў. Пераважаюць жоўты, чырвоны, аранжавы і, канечне, зялёны.
Кампазіцыі могуць быць самымі рознымі, усё залежыць ад фантазіі і настрою.
Вольга Сяліцкая