Па сённяшні дзень ва ўсім свеце працягваецца барацьба з пандэміяй каранавірусу. Не засталася ўбаку і дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Сaritas Гродна”.
Дзякуючы фінансавай дапамозе Польскай народнай фундацыі і іншых спонсараў, арганізацыя набыла вялікую колькасць сродкаў медыцынскага прызначэння для абароны ад СOVID-19: пальчаткі, антысептыкі, аднаразовыя маскі, дэзінфікуючыя сродкі для апрацоўкі паверхняў і многае іншае. Усё гэта накіроўвалася і будзе накіроўвацца ў медыцынскія ўстановы, дзіцячыя шпіталі, паліклінікі і парафіі.
У межах спонсарскай дапамогі ў мінулым годзе ў медыцынскія ўстановы горада і вобласці былі перададзены канцэнтратары кіслароду, ахоўныя касцюмы, рэспіратары, маскі і дэзінфікуючыя сродкі. “Сaritas” аказаў дапамогу больш чым 10 раёнам, наведаў каля 50 гарадоў і вёсак.
Каранавірус прынёс велізарныя страты колькасці насельніцтва па ўсім свеце. Многія дзеці засталіся без бацькоў, унукі – без бабуль і дзядуляў.
Асноўны спосаб барацьбы з СOVID-19 – захаванне правіл гігіены і самаабароны ад заражэнняў. Таму трэба часта мыць рукі вадой з мылам або апрацоўваць іх спіртазмяшчальным антысептыкам для рук, насіць маску, калі знаходзішся сярод іншых людзей, а ў выпадку павышэння тэмпературы, з’яўлення кашлю і задышкі звяртацца па медыцынскую дапамогу.
Наталля Вішнеўская