З 5 па 7 сакавіка каталіцкія скаўты-вандроўнікі FSE з розных куткоў Беларусі сабраліся ў санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) на велікапосных рэкалекцыях.
Як паведамляе сайт мінскай парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ jan.by, рэкалекцыі праходзілі пад дэвізам “Ite ad Ioseph” (лац. “Ідзіце да Юзафа”).
Асноўным тэкстам для разважанняў і канферэнцый стаў Апостальскі ліст Папы Францішка “Patris Cord”, выдадзены з нагоды абвяшчэння ў Касцёле Года св. Юзафа і прысвечаны яго асобе. Гэтага ліста яшчэ не чытаў ніводзін з удзельнікаў рэкалекцый.
Падчас духоўных практыкаванняў мужчыны ўдзельнічалі ў святой Імшы, канферэнцыях, прысвечаных асобе св. Юзафа і тэме скаўтынгу, маліліся Літургію гадзінаў, Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, разважалі.
Прымаючы ўдзел у канферэнцыях, падрыхтаваных ксяндзом Уладзімірам Марушэўскім SChr, скаўты-вандроўнікі вучыліся ад святога Юзафа мужнасці і адначасова пяшчотнасці, паслухмянасці Богу, творчай адвазе, адказнасці, сапраўднаму айцоўству, сумленнасці ў працы і многаму іншаму.
У вольны час некаторыя з удзельнікаў дзяліліся ўласным сямейным досведам.
Адметнасцю рэкалекцый стала 16-кіламетровая пешая пілігрымка да каплічкі св. Юзафа ў Геранёнах. Па дарозе да каплічкі вандроўнікі зрабілі пяціметровы бярозавы крыж, які падчас набажэнства Крыжовага шляху неслі на плячах больш за кіламетр. Згодна з мясцовай традыцыяй, у канцы набажэнства крыж усталявалі побач з дарогай, і цяпер, ідучы або едучы па дарозе паміж Тракелямі і Геранёнамі, можна будзе ўбачыць яго і спыніцца на малітву.
Рэкалекцыі былі напоўнены скаўцкім духам, уключалі розныя гульні, у апошні дзень дзякуючы зімоваму надвор’ю ўдалося і пагуляць у снежкі.
На заканчэнне, калі кожны з удзельнікаў адказваў на пытанне, што яму далі гэтыя рэкалекцыі, мужчыны выказалі жаданне развіваць сваю скаўцкую фармацыю і рухацца наперад, шукаць сваё месца ў жыцці Касцёла і грамадства, служачы іншым.
Вандроўнікі – адно з адгалінаванняў скаўтынгу для дарослых. Вандроўнікамі могуць быць хлопцы і мужчыны, старэйшыя за 17 гадоў, іх галоўная задача заключаецца ў служэнні.