На пачатку года Юлія Кульба, вядомая ў тату-індустрыі як Pipetka, атрымала ад пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат) кс. Аляксандра Шэмета прапанову аднавіць у парафіяльным касцёле стацыі Крыжовага шляху і выяву Хрыста Добрага Пастыра.
Юлія Кульба жыве ў Адамавічах, ніколі не працавала з рэлігійнымі прадметамі, але згадзілася ўзяцца за гэтую працу. “Я з радасцю прыняла прапанову. Для мяне гэта першы такі досвед, цікавы. Праца на карысць не толькі касцёла, але і людзей, якія сюды прыходзяць”, – адзначыла яна ў размове з Нrodna.life.
Апошні раз барэльефы на сценах і пано рэстаўраваліся каля 60 гадоў таму былым вязнем савецкага лагера. Ён пасябраваў у ссылцы з кс. Казімірам Арлоўскім, які быў тады пробашчам парафіі ў Адамавічах. Здароўе рэстаўратара было слабым, і ён не змог скончыць працу.
Юлія Кульба (злева) з сястрой падчас рэстаўрацыйных прац. Фота з асабістага архіву Юліі
Ксёндз Казімір Арлоўскі нарадзіўся ў 1914 г., атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 1939 г. Быў капеланам Арміі Краёвай, у 1950 г. быў арыштаваны за антысавецкую прапаганду, падазраваўся ва ўкрыцці партызан.
Юлія працавала ў касцёле разам з сястрой, мастачкай па адукацыі. Ім трэба было аднавіць фарбавае пакрыццё барэльефаў – 14 выяваў мукі Хрыста, якія ўтвараюць Крыжовы шлях, адрамантаваць сколы, аднавіць адбітыя элементы. Яны працавалі ў святыні на працягу тыдня пры дзённым асвятленні, і ў ходзе рэстаўрацыі Юлія пазнаёмілася з гісторыяй касцёла ў Адамавічах, пабудаванага ў 1854 г.