Skip to main content

У Лідзе і Сапоцкіне памоляцца за кс. каноніка Юзафа Ганьчыца ў 30-ы дзень пасля яго смерці

hanczyc 114 лістапада ў касцёле Святой Сям’і ў Лідзе, дзе быў пробашчам кс. канонік Юзаф Ганьчыц, адбудзецца святая Імша ў яго інтэнцыі ў 30-ы дзень пасля смерці. У гэты ж дзень адбудзецца святая Імша ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне, адкуль паходзіў спачылы.

Пачатак Імшы ў Лідзе ў 18.30, у Сапоцкіне ў 17.00.

Да ўдзелу запрашаюцца ўсе святары, сёстры законныя і свецкія вернікі, каб супольна памаліцца аб жыцці вечным для спачылагa.

ganczyc 2

Ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц нарадзіўся 3 ліпеня 1960 г. Паходзіў з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне.
Атрымаў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату 17 чэрвеня 1995 года з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Стаў разам з сённяшнім дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім адным з першых выпускнікоў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Пасля пасвячэння быў прызначаны вікарыем парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах. З 10 ліпеня 1996 г. да смерці быў пробашчам новаўтворанай парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Дзякуючы яго старанням была пабудавана новая парафіяльная святыня.

За час яго служэння ў лідскай парафіі было створана шмат малітоўных груп. Шмат увагі і часу ён прысвячаў выхаванню дзяцей і моладзі, фармацыі сем’яў. Таксама пры парафіі актыўна дзейнічае каталіцкая харызматычна-евангелізацыйная супольнасць «Gloriosa Trinita», духоўным правадніком якой быў кс. Юзаф Ганьчыц.

У 2003 г. ён скончыў вывучэнне тэалогіі сужэнства ва ўніверсітэце кардынала Стэфана Вышынскага, а ў 2007 г. – катэхетычна-пастаральнае паслядыпломнае навучанне ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы.

Сёлета кс. Ганьчыц адзначыў 60-годдзе і 25-годдзе прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння.

Адышоў у вечнасць 13 кастрычніка ў лідскай бальніцы з-за ўскладненняў, выкліканых каранавіруснай інфекцыяй.