У Вялікі чацвер, 18 красавіка, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбудзецца Імша Хрызма, якая з’яўляецца выразам еднасці і супольнасці духавенства дыяцэзіі.
Узначаліць Імшу біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Пачатак у 10.00.
На Імшу Хрызма ў катэдру — “маці” касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі — запрошаны дыяцэзіяльныя і законныя святары, якія нясуць служэнне ў розных парафіяльных супольнасцях Гродзеншчыны, манахіні і вернікі, каб супольна дзякаваць Езусу Хрысту за вялікі і цудоўны дар святарства, які Ён на Апошняй Вячэры даў свайму Касцёлу.
Падчас гэтай Імшы духавенства адновіць святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці нa далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць Хрыстус. Таксама біскуп Гродзенскі асвеціць алей хворых, алей катэхуменаў і кансэкруе алей хрызма, якія будуць неабходныя для ўдзялення сакрамэнтаў.
JM